Лукашэнка штодня думае пра Канавалава й Кавалёва
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
16.12.2011 13:28
Ён сьцьвярджае, што кантраляваў ход расьсьледаваньня "кожны дзень, кожную гадзіну сьледзтва".
Аляксандар Лукашэнка кожны дзень думае пра лёс Дзьмітрыя Канавалава й Уладзіслава Кавалёва, прысуджаных да сьмяротнай кары па справе аб тэракце ў менскім мэтро. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Руская служба навін" Сяргею Дарэнку.
"Самая страшная функцыя – гэта калі ты падпісваеш указ, дзе чалавека нельга памілаваць, – сказаў Лукашэнка. – Асабліва ў Беларусі, таму што ў нас ёсьць пажыцьцёвае зьняволеньне й выключная мера пакараньня”.
Лукашэнка сьцьвярджае, што кантраляваў ход расьсьледаваньня "кожны дзень, кожную гадзіну сьледзтва".
Кіраўнік краіны паабяцаў прыняць рашэньне аб тым, памілаваць ці не Канавалава й Кавалёва, пасьля таго, як яму дадуць усе неабходныя дакумэнты. Пры гэтым ён зазначыў, што спачатку ўсе дакумэнты праходзяць праз спэцыяльную камісію па памілаваньні пры прэзыдэнце.
дг