Заява Янукевіча ў сувязі з санкцыямі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.02.2012 17:53
Старшыня Партыі БНФ ускладае адказнасьць на афіцыйны Менск і заклікаў Захад не саступаць.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зрабіў палітычную заяву, у якой усклаў адказнасьць за дыпляматычны скандал на афіцыйны Менск. Лідар Партыі БНФ падкрэсьліў, што адзіным шляхам да вырашэньня канфлікту зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў, пры гэтым ён заклікаў Эўразьвяз не станавіцца закладнікам стратэгіі беларускіх уладаў і праяўляць пасьлядоўнасьць у сваёй палітыцы ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі й спрыяньня дэмакратызацыі краіны.
Палітычная заява Старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча
"Вырашэньне дыпляматычнага крызысу немагчымае без вызваленьня палітвязьняў!
Крызыс у стасунках Рэспублікі Беларусь з краінамі Эўразьвязу мае перадумовай невыкананьне Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама сыстэмнае парушэньне эўрапейскіх стандартаў правядзеньня выбараў.
Тая эскаляцыя дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам, якая адбываецца цяпер, ня служыць справе нармалізацыі сытуацыі ў нашай краіне. Інсьпіраванае беларускім бокам зьмяншэньне дыпляматычнай прысутнасьці Эўропы цягне за сабой непазьбежнае павелічэньне ролі іншых геапалітычных гульцоў на тэрыторыі Беларусі, перадусім – імпэрыялістычнай Расеі. Памяншэньне кантактаў з Эўропай заўжды азначала для нашай краіны як новыя пагрозы для незалежнасьці, так і пагаршэньне становішча з ўзроўнем свабодаў і дэмакратыі. Шлях самаізаляцыі ад краінаў Эўропы для Беларусі зьяўляецца контрапрадуктыўным і шкодным для нацыянальных інтарэсаў. Далейшае зварочваньне беларуска-эўрапейскіх кантактаў можа пацягнуць за сабой фактычную страту такога найважнейшага атрыбуту дзяржаўнасьці, як самастойная зьнешняя палітыка.
Партыя БНФ лічыць шкодным далейшую эскаляцыю канфлікту з абменам дыпляматычнымі ўколамі й ягоную кансэрвацыю замест ягонага вырашэньня па сутнасці. Адзіным шляхам разьвязаньня канфлікту зь беларускага боку ёсьць вызваленьне вязьняў сумленьня й спыненьне рэпрэсіяў.
Мы таксама заклікаем Эўразьвяз да ўзважанасьці й пасьлядоўнасьці ў сваёй палітыцы на беларускім накірунку. Будзе недаравальна, калі Эўропа зробіцца закладнікам стратэгіі беларускіх уладаў, абмяжоўваючыся сытуатыўным рэагаваньнем на бягучыя падзеі, замест таго, каб рэалізоўваць уласную стратэгію. Тактыка рэжыму палягае ў кансэрвацыі канфлікту. У той самы час беларускае грамадзтва зацікаўленае ў тым, каб перамовы паміж Эўропай і прадстаўнікамі беларускіх уладаў актыўна вяліся па прынцыповых пытаньнях – вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў, мадэрнізацыі краіны і ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі".
Яс/БНФ