Любові Кавалёвай даслалі рэчы сына
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.03.2012 12:15
Маці пакаранага за тэракт Уладзіслава Кавалёва даслалі зь СІЗА КДБ рэчы расстралянага сына.
Фота: svaboda.org
Любоў Кавалёва атрымала паведамленьне, што на пошце яе чакае пасылка: аказалася, што зь СІЗА КДБ даслалі сынавы рэчы:
„Цэлы мех, на 26 кіляграмаў зь нечым! Во як зрабілі: мне самой ня трэба ехаць забіраць, самі даслалі, „добрыя душы“! Гэта жах!," - кажа жанчына.
Сястра Ўладзіслава Тацяна адзначае, што рэчаў вярнулі шмат: прадукты, лісты й фотаздымкі. Але не вярнулі нататкі, што ён рабіў у судзе.
Любоў Кавалёва згадвае, што Ўладзіслаў рыхтаваўся да кожнага судовага паседжаньня, і на суд заўсёды прыходзіў з жоўтай папкай. Там ён трымаў свае нататкі па справе тэракту. Гэта ўсё зьнікла, кажа жанчына.
„Калі мы былі на спатканьні, і ў лістах Улад прасіў, каб я гэтую папку захавала. Дык яны яе пустую даслалі!”, - заяўляе Кавалёва.
Родныя й сябры мяркуюць, што далёка ня ўсе іхныя лісты траплялі за краты да асуджанага на сьмерць.
svaboda.org/аз