У аэрапорце ў Вільні 5 красавіка з 50-гадовай Арынай здарыўся інсульт. Ад таго часу яна заставалася ў коме.
Арына Вячорка (Ірына Паладзеўна Ползік).
14 красавіка 1961, Менск — 9 красавіка 2012, Вільня.
Беларускі пэдагог, грамадзкая й культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэньня рыцарскага руху й гістарычнай музыкі Беларусі.
Па адукацыі матэматык. Скончыла асьпірантуру пры БДУ па спэцыяльнасьці «гісторыя пэдагогікі»; Вышэйшую школу грамадзкіх прафэсій па спэцыяльнасьці «мэнэджарка культуры» (Познань).
Працавала ў беларускіх школах Менска, у Лябараторыі філясофіі й гісторыі адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Аўтарка артыкулаў па гісторыі беларускай пэдагогікі, гісторыі матэматыкі й тэхнікі Беларусі для «Энцыкляпедыі гісторыі Беларусі», «Гісторыі беларускай навукі й тэхнікі». Укладальніца двухтомнай бібліяграфіі гісторыі беларускай пэдагогікі.
Сузаснавальніца першага беларускага нефармальнага згуртаваньня новага часу «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня» (1980–1985). Удзельніца руху за адраджэньне беларускай школы з 1983 году. Сузаснавальніца моладзевага адраджэнцкага згуртаваньня «Талака» (1986–1988). Адна з арганізатарак дзіцячага летніка «Грунвальд» (1992).
З 1993 заснавальніца рыцарскага руху Беларусі. Стваральніца й кіраўнік Беларускага рыцарскага клюба, пазьней клюба «Вялікае княства» (1996–2007).
Стваральніца першага праекта гістарычнай музыкі «Легенды Bялікага Kняства» (2000–2001), альбома гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» (2005), сэрыі «Беларуская музычная калекцыя»: «Постфольк», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускі музычны авангард», «Сьпевы Беларусі», «Медыеваль», «Вясковая лірыка» (2007–2009) і шэрагу іншых.
Арганізатарка больш як ста канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі «Легенды Вялікага Княства», «Старадаўняя музыка Беларусі й Эўропы» ды іншых. Прадзюсарка гурту «Стары Ольса», музычнага праекта «Вір». Кансультантка музычнага праекта «Гістарычны эпас», фільма «Старадаўнія музычныя інструмэнты Беларусі».
Адна з арганізатарак нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў старадаўняй музыкі «У гонар каралевы Боны» (Менск, Наваградак, 2005–2006).
Адна з заснавальніцаў Беларускага клюба лютністаў (2008).
Намесьніца дырэктара ААТ «Новая музычная кампанія» (2007–2009), намесьніца дырэктара выдавецтва «Каўчэг» (з 2009). Каардынатарка міжнародных праектаў Дома сустрэчаў «Мікушэва» (Польшча, з 2011). Адна з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар», супрацоўнічала зь Белдзяржфілярмоніяй, «Моладзевым тэатрам эстрады». Аўтарка праекту «Ноч музыкі» ў Белдзяржфілярмоніі (2010).
nn.by