Мартынаў наведае Армэнію
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.04.2012 13:43
Будзе абмяркоўвацца супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, у тым ліку ў межах ААН, АБСЭ й АДКБ.
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў 16–17 красавіка наведае з афіцыйным візытам Армэнію, - паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных падчас брыфінгу ў Менску.
У Ерэване кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства сустрэнецца з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў Армэніі.
Бакі абмяркуюць шырокае кола пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сфэрах, паведаміў Савіных.
Асаблівая ўвага, падкрэсьліў прэс-сакратар, будзе нададзена пытаньням умацаваньня супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, у тым ліку ў межах ААН, АБСЭ й АДКБ.
Як заявіў Савіных, Беларусь разьлічвае на разьвіцьцё адносінаў з Армэніяй у галіне навукі й адукацыі, у тым ліку шляхам наладжваньня кантактаў паміж МЗС.
Акрамя таго, беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках у Армэнію дарожнай, грузавой і сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама ў стварэньні на тэрыторыі гэтай краіны зборачных вытворчасьцяў аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.
nn.by/аз