Logo Polskiego Radia
Print

Пачаліся „Купалаўскія чытаньні”

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 20.04.2012 16:25
  • Пачаліся „Купалаўскія чытаньні”.mp3
На падставе сёлетніх “Купалаўскіх чытаньняў” плянуецца выдаць зборнік публікацый.

Сёлетнія „Купалаўскія чытаньні”, якія арганізуе Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, праходзяць у выяздным фармаце. Навукоўцы з розных куткоў Беларусі абмяркоўваюць творчасьць народнага песьняра ў мястэчку Астрына Шчучынскага раёну.

Мястэчка Астрына было выбрана невыпадкова – гэта родныя мясьціны яшчэ аднаго клясыка беларускай літаратуры Алаізы Пашкевіч (Цёткі), гаворыць дацэнт катэдры беларускай літаратуры купалаўскага ўнівэрсытэту Ала Петрушкевіч:

- Мы працавалі сумесна з Астрынскай сярэдняй школай, якая носіць імя Алаізы Пашкевіч. У пляне канфэрэнцыі - наведваньне магілы Алаізы Пашкевіч ў вёсцы Стары Двор, наведваньне музэя й праца другога пленарнага паседжаньня й праца па сэкцыях – усё гэта будзе адбываццва ў мястэчку Астрына.

На думку дацэнта Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Галіны Адамовіч, творчасьць Янкі Купалы ачышчае людзкія душы:

- Для мяне Янка Купала – гэта адна з двайных зорак, якая зьзяе на небасхіле й азорвае сваім сьвятлом і прыўносіць вось гэтую вышыню духоўнасьці, прыгажосьці ня толькі на зямлю, якую яна азорвае сваім сьвятлом, але й, можна сказаць, у сьвет маёй душы.

На падставе сёлетніх “Купалаўскіх чытаньняў” плянуецца выдаць зборнік публікацый, агучаных на канфэрэнцыі.

Вацлаў Галімскі, Горадня

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт