Буйная кантрабанда цыгарэтаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.07.2014 15:56
Дзяржаўная казна магла страціць нават 70 мільёнаў злотых.
Foto: East News
Каля 70 мільёнаў злотых (каля 17 мільёнаў эўра) магла страціць дзяржаўная казна ў выніку кантрабанды цыгарэтаў з Паўднёвай Эўропы. Цэнтральнае бюро расьсьледаваньняў ліквідавала групу злачынцаў, якія займаліся кантрабандай і падробкай цыгарэтаў вядомых тытунёвых заводаў.
Шасьцярых затрыманых дзейнічалі на тэрыторыі Малапольскага ваяводзтва. Паліцыянты з Цэнтральнага бюро расьсьледаваньняў разам з афіцэрамі Мытнай службы выявілі пяць складоў нелегальнага тытуню.
Маштаб злачынства зьдзівіў нават паліцыянтаў, прызнае інспэктар Марыюш Цярка.
Марыюш Цярка: Да гэтай пары мы выявілі 100 тонаў тытуню, 3 мільёны гатовых цыгарэтаў, вытворчы канвэер, папяросную паперу. Былі таксама арыштаваныя дадатковыя склады. Маштаб злачынства сапраўды велізарны.
Рынкавы кошт кантрабанднага тытуню складае больш за 60 мільёнаў злотых. Злачынная група стварыла прафэсійныя заводы па вытворчасьці цыгарэтаў.
Вырабленыя ў іх цыгарэты былі гатовыя да кантрабандных паставак.
Марыюш Цярка: Падробленыя цыгарэты вядомых марак кантрабандысты плянавалі прадаць на Захад. У гэтым выпадку можна гаварыць пра кантрабандную дзейнасьць міжнароднага характару, паколькі чальцамі злачыннай групы, апрача палякаў, былі таксама грамадзяне іншых краінаў.
Па гэтай справе польскія сьледчыя супрацоўнічаюць з паліцыяй з Вугоршчыны й Бэльгіі. Затрыманым мужчынам ад 25 да 60 гадоў. Ім было выстаўленае абвінавачваньне па дзейнасьці ў арганізаванай злачыннай групе й незаконнай вытворчасьці цыгарэт. За гэта прадугледжана пакараньне да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
аз