Logo Polskiego Radia
Print

Нямецкія стаўкі шкодзяць польскаму транспарту

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.01.2015 14:11
Польшча будзе размаўляць па гэтай справе зь нямецкім бокам.
Фота: PAPФота: PAP

Фота:
Фота: PAP

На бліжэйшую пятніцу заплянаваныя перамовы міністраў працы Польшчы й Нямеччыны на тэму новых нямецкіх правілаў датычна мінімальнай заработнай платы. Пра гэта паведаміў кіраўнік польскага ведамства працы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш.

На мінулым тыдні міністар размаўляў на гэтую тэму са сваім нямецкім калегам па тэлефоне. Уладзіслаў Касіняк-Камыш запэўніў, што польскі ўрад прадпрыме ўсе меры, каб даказаць Нямеччыне несумяшчальнасьць нямецкіх палажэньняў з эўрапейскім правам.

Міністар працы нагадаў, што запыт па справе новага нямецкага працоўнага права ў Бэрлін ўжо накіравала Эўрапейская камісія.

Прыпыненьня дзеяньня нямецкіх правілаў аб мінімальнай заработнай плаце патрабуе ўжо 13 краін ЭЗ. На мінулым тыдні тэму падчас тэлефоннай размовы закраналі прэм'ер-міністар Эва Копач і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. У сваю чаргу 29 студзеня пытаньне абмяркуюць міністры інфраструктуры Польшчы й Нямеччыны.

Нагадаем, супраць новых нямецкіх правілаў пратэстуюць, між іншым, польскія транспартныя фірмы.

Гаворка ідзе пра тое, што са студзеня ўладальнікі транспартных кампаній абавязаны плаціць сваім кіроўцам, якія праяжджаюць транзытам па тэрыторыі Нямеччыны, паводле нямецкіх ставак, то бок мінімум 8,5 эўра за гадзіну працы на тэрыторыі Нямеччыны.

Паводле польскіх транспартных кампаній, гэта ўдар па іх канкурэнтаздольнасьці.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт