Logo Polskiego Radia
Print

Генэрал Кішчак даўно рыхтаваўся да абароны

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.02.2016 15:54
Ён зьбіраў нататкі, матэрыялы, пісаў мэмуары, каб у будучыні апраўдваць сябе і сваіх таварышаў.
foto: PAP/Jacek Turczyk

Былы кіраўнік Службы бясьпекі ПНР Чэслаў Кішчак зьбіраў лісты, нататкі, матэрыялы, пісаў мэмуары, каб у будучыні апраўдваць сябе і сваіх таварышаў. Генэрал нядаўна памёр і сьвет пабачылі дакумэнты зь яго хатняга архіва. Дакумэнты забраў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) і паступова дае да іх доступ журналістам і навукоўцам.

І так, у лісьце да невядомай асобы ў справе забітага афіцэрамі СБ капэляна прафсаюза «Салідарнасьць», генэрал Кішчак пісаў: «Сапраўды, забойства ксяндза Папялушкі я перажыў вельмі моцна і надалей перажываю, бо ж зьдзейсьнілі яго мае падначаленыя». Адначасова генэрал падкрэсьлівае, што ён не загадаў гэтага забойства.

У архівах ёсьць шмат лістоў на імя Кішчака ад людзей, якія лічыліся змагарамі за незалежнасьць Польшчы ад камунізму. Сярод іх палітыкі, людзі культуры, і іншыя. ІНП паказаў, між іншым, ліст паважанага дыплямата, гісторыка Ўладыслава Барташэўскага (Władysław Bartoszewski) і культавай польскай паэтэсы Агнешкі Асецкай (Agnieszka Osiecka). Асецка падзякавала ў лісьце за дапамогу ў справе атрыманьня пашпарту, а ў іншым лісьце паэтэса просіць заступніцтва за арыштаванага апазыцыйнага актывіста Адама Міхніка (Adam Michnik). Кардынал Юзэф Глемп прасіў у Кішчака заступніцтва ў справе ксяндза Зыха, які быў асуджаны за забойства міліцыянта падчас ваеннага становішча. А ў іншым лісьце арцыбіскуп Глемп дзякуе за сумленную «абарону храмаў». Акторка Бэата Тышкевіч у лісьце генэралу Кішчаку падзякавала за дапамогу пасьля нападу на яе падваршаўскую дачу і запрашала да сябе кіраўніка МУС.

У канцы сьпісу карэспандэнцыі з архіва Кішчака знаходзіцца занатоўка пра ліст Кішчака Леху Качыньскаму з лістападаўскай датай 2002 года, аднак гэтага пісьма няма ў дакумэнтах, выстаўленых на прагляд Інстытутам нацыянальнай памяці.

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт