Польшча купляе электраэнэргію ў суседзяў, але з Астраўца ня будзе
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        09.01.2018 15:09
                    
                                 
                
                
                    Найбольш электраэнэргіі Польшча купляе ў Швэцыі, на другім месцы - Летува.
                
                
                    
                         Photo: pixabay.com
Photo: pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                         Польшча спажывае ўсё больш электраэнэргіі і ўсё больш купляе яе за мяжой. Летась краіна імпартавала найбольш электрычнасьці за апошнія 30 гадоў – гэтак вынікае з дадзеных парталу wysokienapięcie.pl. «Часткова гэта таму, што энэргія ў суседзяў каштуе таньней”, – кажа эканаміст, кіраўнік Ягелонскага інстытуту Марцін Рашкоўскі (Marcin Roszkowski).
М.Рашкоўскі: Нашая энэргетыка, якая абапіраецца на вугаль, на жаль, становіцца ўсё даражэйшай, а па-другое, у нас моцна скарачаюцца магчымасьці па вытворчасьці дадатковай моцы на аснове вугалю.
Найбольш электраэнэргіі Польшча купляе ў Швэцыі, на другім месцы - Летува, на трэцім – Украіна і Нямеччына. У Нямеччыне электраэнэргію вырабляюць з атаму, бурага вугалю, зімой з ветракоў, а летам – з фотаэлектрычных установак. У Скандынавіі пераважае вытворчасьць электрычнасьці з танных гідраэлектрастанцый.
У красавіку мінулага году польскі Сэйм прыняў рашэньне не імпартаваць электраэнэргіі з будучай беларускай АЭС у Астраўцы.
Нягледзячы на недахопы, Польшча таксама прадае электраэнэргію за мяжу. 45% усяго экспарту прыходзіцца на Нямеччыну. На наступных месцах Чэхія і Славакія.
яс