Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы сталі менш красьці

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 06.07.2018 19:19
У першай палове 2018 г. у Польшчы ўчынена 404 тыс. злачынстваў — на 29 тыс. менш, чым за той жа пэрыяд 2017 г.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/TheDigitalWay

У Польшчы зьнізіўся ўзровень злачыннасьці. У першым паўгодзьдзі зафіксавана на 22 тысячы менш выпадкаў крадзяжоў, разбояў і актаў вандалізму.

Увогуле ж у першым паўгодзьдзі колькасьць усіх відаў злачынстваў — крымінальных, гаспадарчых, дарожных — была на 29 тысяч меншая, чым за той жа пэрыяд 2017 года. Усяго было ўчынена 404 тысячы злачынстваў.

Гэта значыць, што зладзеі менш скралі партфэляў, радзей даходзіла да нападаў на вуліцах. Стала жыць больш бясьпечна.

Радзей сталі красьці аўтамабілі. Усяго скрадзена 4,5 тысячы машын, але гэта на 600 менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага года.

Радзей сёлета ўчыняліся напады са зброяй, нажом. Менш стала вулічных боек. У Вялікапольшчы колькасьць крадзяжоў зьменшылася ажно на 10%. А ў Люблінскім ваяводзтве крымінальных злачынстваў стала на 16% менш.

Паліцыя заяўляе, што сытуацыя выправілася ў выніку яе эфэктыўнай работы.

Толькі па адным пункце вырасла колькасьць злачынстваў —нявыплата сродкаў па алімэнтах. Калі за першае паўгодзьдзе 2017 года такіх парушэньняў было зафіксавана больш за 5 тысяч, то сёлета — 39 тысяч. Гэта зьвязана з тым, што калі раней трэба было “ўпарта” не плаціць алімэнты, каб атрымаць пакараньне, то цяпер дастаткова не заплаціць алімэнты нават адзін раз, каб зьвярнуць на сябе ўвагу адпаведных органаў.

Аднак паліцыя ня раіць грамадзянам супакойвацца. Нягледзячы на падзеньне ўзроўню бытавых злачынстваў, паралельна ўзрастае колькасьць кібэрзлачынстваў. Іх цяжэй выкрываць і яны прыносяць злачынцам большую выгаду.

Rzeczpospolita/vk

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт