Набліжаецца ноч зарападу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.08.2018 18:16
Сёлета пік зарападу адбудзецца ноччу з нядзелі на панядзелак, з 12 на 13 жніўня.
pl.wikipedia.org/Public Domain
Якраз у першай палове жніўня можна часта назіраць гэтую захапляльную зьяву на небе. Сёлета пік зарападу адбудзецца ноччу з нядзелі на панядзелак, з 12 на 13 жніўня.
Аднак інтэнсіўнасьць гэтай зьявы сёлета ня будзе надта вялікай. Астраномы мяркуюць, што падаць будзе каля 100 зорак на гадзіну.
Доктар Томаш Банысь з Плянэтарыя ў Лодзі распавёў, што да 18 стагодзьдзя людзі лічылі, што гэта нейкі дзіўны атмасфэрны разлад.
Т.Банысь: Пазьней стала вядома, што гэта часьціцы пылу, часам драблёныя камяні, рэшткі камэт, якія напаткае Зямля на сваёй арбіце. Яны трапляюць у нашу атмасфэру, там загараюцца, хутка выпараюцца і вызваляюць атамы, якія, удараючы ў нашую атмасфэру, пачынаюць сьвяціць. Такім чынам паўстае эфэкт яркай паласы дзесьці 100 км над Зямлёй, якую мы называем зарападам.
«Часьціцы ў космасе раскіданы ў вялікай прасторы. Раз Зямля праходзіць праз сярэдзіну такой паласы, а ў іншы раз - яе краем. З гэтым і зьвязаная насычанасьць мэтэорнага дажджу», – патлумачыў доктар Банысь.
Мэтэоры можна ўбачыць амаль на працягу ўсяго года. Існуе шмат метэорных патокаў рознай інтэнсіўнасьці, але самыя інтэнсіўныя здараюцца 3-4 разы на год.
Найлепш бачны летні паток, калі Зямля сустракаецца з бруяй газу і пылу ад камэты 109П / Свіфта-Тутля.
Паводле PAP/яс