МЗС Паўн. Карэі: Гэта самаабарона
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
12.02.2013 16:29
"Ядзернае выпрабаваньне было актам самаабароны ў адказ на адкрытую варожасьць Злучаных Штатаў Амэрыкі".
Гэтак сьцьвярджае Міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі. Ведамства таксама прыгразіла далейшымі рашучымі дзеяньнямі ў выпадку, калі ЗША ня зьменіць сваіx адносінаў.
Паўночная Карэя правяла ўначы падземнае ядзернае выпрабаваньне, якое выклікала землятрус блізу атамнага палігону. Сіла выбуху была ўдвая мацнейшай, чымсьці папярэдняга ў 2009 годзе. Як сьцьвярджаюць экспэрты, камуністычная краіна набліжаецца да стварэньня бомбы, магутнасьцю ў 15 кілятон.
У папярэдніх паўночнакарэйскіх выпрабаваньнях выкарыстоўваўся плютон, а гэтым разам, хутчэй за ўсё, праводзіўся іспыт бомбы з уранам.
Сусьветная супольнасьць асудзіла гэтыя дзеяньні ўладаў Паўночнай Карэі. У прыватнасьці, NATO заклікала Пхеньян неадкладна спыніць правакацыйныя дзеяньні і прытрымлівацца нормаў міжнароднага права. „Гэта безадказнае дзеяньне, якое ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай стабільнасьці й міру ва ўсім сьвеце", — зазначаецца ў заяве Паўночнаатлантычнага альянсу.
эб