Луцэнка на свабодзе
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
07.04.2013 14:32
Польскія палітыкі разьлічваюць, што неўзабаве з турмаў выйдуць таксама іншыя палітвязьні.
Фота: euronews.net
Прадстаўнік украінскай апазыцыі Юрый Луцэнка выйшаў на свабоду. Дэкрэт аб памілаваньні падпісаў прэзыдэнт Віктар Януковіч. Польскія палітыкі разьлічваюць, што неўзабаве з турмаў выйдуць таксама іншыя палітвязьні. Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Марэк Сівец мяркуе, што гэта вынік дыпляматычнай місіі прадстаўнікоў Эўрапейскага парлямэнту Аляксандра Квасьнеўскага й Пата Кокса.
М. Сівец: Добра, што так сталася. Я веру, што талент і веды перамоўцаў высока ацэняць у Эўразьвязе, а гэтая місія будзе працягвацца. Місія Квасьнеўскага й Кокса – гэта першы крок у бок нармалізацыі адносінаў з Украінай. Пакуль у турмах ёсьць людзі, якіх пасадзілі за палітыку, гэтыя адносіны ня будуць нармальныя. Ёсьць першы крок, але тэма адкрытая. Прозьвішча былой прэм’ер-міністар Цімашэнкі будзе паяўляцца ўвесь час.
Гэта добрая навіна для Юліі Цімашэнкі й Украіны. Так камэнтуе вызваленьне Луцэнкі віцэ-старшыня камісіі замежных справаў польскага сэйму Робэрт Тышкевіч. Ён нагадвае, што гэтыя два прозьвішчы зьяўляюцца перашкодай у падпісаньні Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам.
Р. Тышкевіч: Гэта вельмі добрая навіна перад восеньскім самітам Усходняга партнэрства ў Вільні. Усе спадзяюцца, што на саміце Ўкраіна падпіша дамову аб асацыяцыі з ЭЗ. Дзякуючы дамове гэтая дзяржава наблізілася б да эўрапейскай супольнасьці. Пакуль што гэтаму перашкаджалі два прозьвішчы – Луцэнкі й Цімашэнкі. Эўрапейскі Зьвяз прызнаў іх вязьнямі сумленьня.
Юрый Луцэнка знаходзіўся за кратамі амаль два з паловай гады. Ён атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовай пасадай і крадзеж бюджэтных сродкаў. У жніўні мінулага году атрымаў чарговы прысуд – 2 гады за загад сачыць кіроўцу й ахоўніка былога віцэ-кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны. Вызваліць Луцэнку шмат разоў заклікалі эўрапейскія палітыкі. Яго выхад з турмы павінен палепшыць адносіны Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам.
нг