Украіна: даўгі пасьля „Эўра-2012”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.08.2013 17:29
Урад не заплаціў галоўнаму выканаўцы, а той - падрадчыкам.
fot. PAP/EPA/Yuri Kochetkov
Больш за год пасьля заканчэньня Чэмпіянату Эўропы па футболе „Эўра-2012” некаторыя львоўскія будаўнічыя фірмы надалей не атрымалі зарплаты за працу, выкананую на мясцовым аэрапорце. Даўгі сягаюць 5 мільёнаў грыўняў.
Будаўнічыя работы ў новым тэрмінале лётнішча Львова праводзілі 8 фірмаў. За іх працу павінна заплаціць Данецкая будаўнічая кампанія. Толькі адной з фірмаў кампанія вінаватая каля 1,5 млн. грыўняў. Тым часам галоўны заказчык работ тлумачыць, што ён да гэтага часу таксама не атрымаў грошай ад дзяржавы.
Прадпрымальнікі зьвярталіся па гэтай справе да прэзыдэнта, ураду й UEFA. Аднак, паколькі да гэтай пары адказу не атрымалі, цяпер яны пагражаюць пратэстамі.
Новы тэрмінал аэрапорта ў Львове быў пабудаваны ў сувязі з „Эўра-2012” і адкрыты ў красавіку мінулага года ў прысутнасьці прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
Аэрапорт можа абслужыць 7 мільёнаў пасажыраў, але сёлета ён прыме толькі 600 тысячаў. З аналягічнымі праблемамі змагаюцца й іншыя аэрапорты, пабудаваныя да Эўра-2012.
Украінскія ўлады не дапускаюць на рынак зьнешніх танных авіяліній, абараняючы інтарэсы сваіх кампаній, якія належаць мясцовым алігархам. У цяперашні час ва Ўкраіну лятаюць самалёты выключна адной таннай замежнай авіякампаніі.
аз