Logo Polskiego Radia
Print

Улады Ірана маюць намер забараніць у краіне некаторыя віды кантрацэпцыі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.08.2014 19:12
Таксама забараняецца рэкляма сродкаў для кантролю нараджальнасьці, у тым ліку прэзэрватываў.

foto:
foto: wikipedia

Улады Ірана маюць намер забараніць у краіне некаторыя віды кантрацэпцыі, каб павысіць узровень нараджальнасьці. Адпаведны законапраект прыняў парлямэнт краіны, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на іранскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA.

Мяркуецца, што пад забарону трапяць такія віды кантрацэпцыі, як вазэктамія (апэрацыя ў мужчын, пры якой перакрываюцца семявыносячыя пратокі) і аналягічныя працэдуры стэрылізацыі ў жанчын. Лекараў, якія парушылі б забарону, будзе чакаць пакараньне. Таксама забараняецца рэкляма сродкаў для кантролю нараджальнасьці, у тым ліку прэзэрватываў.

Парлямэнт такім чынам адгукнуўся на заклік вярхоўнага рэлігійнага лідара краіны аяталы Алі Хамэнэі. У траўні ён заклікаў прыняць меры для павелічэньня колькасьці насельніцтва краіны, каб "умацаваць нацыянальную ідэнтычнасьць" і супрацьстаяць "непажаданым аспэктам заходняга ладу жыцьця". У цяперашні час законапраект знаходзіцца на разглядзе багасловаў і юрыстаў, прызначаных Хамэнэі, якія вывучаюць яго на адпаведнасьць канонам ісламу.

У цяперашні час колькасьць насельніцтва Ірана складае больш за 75 мільёнаў чалавек.
Асноўная мэта забароны кантрацэпцыі - барацьба са зьмяншэньнем колькасьці насельніцтва краіны. Аднак у яго ёсьць і праціўнікі. Яны баяцца, што новы закон пашкодзіць жанчынам Ірана, якія імкнуцца атрымаць добрую адукацыю, прымусіўшы іх абмежавацца роляй жонак і маці, а таксама справакуе рост колькасьці падпольных абортаў.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт