Logo Polskiego Radia
Print

Вэнэцыянская камісія патрабуе большага кантролю за сочкай у Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.06.2016 17:31
Дзейсныя правілы не выключаюць магчымасьці ўзьнікненьня злоўжываньняў, лічаць сябры камісіі.
Photo: PAP/Radek Pietruszka

Вэнэцыянская камісія ацаніла зьмены, якія польскія ўлады ўнесьлі ў Закон аб паліцыі. Паводле членаў камісіі, зьмены далі функцыянэрам занадта шырокія паўнамоцтвы ў сочцы за грамадзянамі.

Вэнэцыянская камісія рэкамэндуе Польшчы ўвядзеньне дадатковых мэханізмаў кантролю за гэтымі паўнамоцтвамі.

Камісія падкрэсьліла, што паводле Эўрапейскага суду па правах чалавека, дзяржавы маюць права самі вырашаць пра тое, як дасягнуць раўнавагу паміж бясьпекай і свабодай. Члены камісіі адзначаюць, што ня толькі Польшча была падвергнутая крытыцы за тое, якім чынам спрабавала дасягнуць гэтую раўнавагу.

Вэнэцыянская камісія лічыць, што польскі Закон аб паліцыі не гарантуе адсутнасьці злоўжываньняў і неабгрунтаванага ўмяшаньня ў асабістае жыцьцё грамадзянаў. Таму члены камісіі прапануюць стварыць незалежны орган, які б сачыў за маніторынгам тэлекамунікацыйных дадзеных. Існуючая сыстэма, паводле іх, недастатковая.

Вэнэцыянская камісія – гэта міжнародны орган, які аказвае так званую „канстытуцыйную дапамогу”, то бок на просьбу краіны правярае ейныя законы наконт іх адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі ды правамі чалавека.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт