У выніку ўзброеных канфліктаў асабліва пакутуюць дзеці
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.09.2016 17:11
ЮНІСЭФ: дзеці-ахвяры вайны маюць асаблівую патрэбу ў тэрміновай гуманітарнай дапамозе.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Каля 50 мільёнаў дзяцей ва ўсім сьвеце былі вымушаныя пакінуць свае дамы, паведамляе ЮНІСЭФ - фонд Аб'яднаных Нацыяў для дапамогі дзецям. Узброеныя канфлікты прымусілі каля 30 мільёнаў непаўнагадовых пакінуць свае дамы, а пакуты й перасьлед ахапілі 20 мільёнаў дзяцей.
„Многія зь іх у сваім цяперашнім месцы знаходжаньня падвяргаюцца перасьледу й зьняволеньню. Прычынай гэткай сытуацыі часта зьяўляецца адсутнасьць дакумэнтаў і адпаведнага юрыдычнага статусу”, - гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.
Дзеці, якія зьяўляюцца ахвярамі вайны, перш за ўсё маюць патрэбу ў тэрміновай гуманітарнай дапамозе, падкрэсьліваюць аўтары дакумэнту.
У 2015 годзе каля 100 тысяч дзяцей у пошуках прытулку й бясьпекі былі прымушаныя пакінуць свае дамы без дарослых. Гэта ў 3 разы больш чым годам раней.
Апрача таго, дзеці складаюць ужо палову бежанцаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму. Каля 45% зь іх паходзяць з Сырыі й Афганістану.
Падчас уцёкаў ім асабліва пагражае страта жыцьця, голад і гандляры жывым таварам.
Нагадаем, у канцы верасьня адбудуцца дзьве сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, прысьвечаныя бежанцам.
аз