Франсуа Алянд абяцаў ліквідаваць нелегальны лягер у Кале
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.09.2016 14:17
На агрэсіўныя паводзіны мігрантаў, якія качуюць у Кале, скардзяцца аўтаперавозчыкі.
PAP/EPA/THIBAULT VANDERMERSCH / POOL
Францускі прэзыдэнт абвясьціў аб поўнай і канчатковай ліквідацыі нелегальнага лягера мігрантаў у Кале. Нагадаем, у гэтак званай джунглі качуе каля дзевяці тысяч чалавек.
Франсуа Алянд дадаў, што па санітарна-тэхнічных прычынах ліквідацыя нелегальнага лягера павінна адбыцца яшчэ да зімы. Імігранты будуць разьмеркаваныя ў розных цэнтрах для ўцекачоў на тэрыторыі Францыі.
Франсуа Алянд падкрэсьліў гуманітарны аспэкт апэрацыі. Тым ня менш, справа лягераў у Кале атрымала палітычную афарбоўку й стала элемэнтам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Нагадваем, французы будуць выбіраць новага кіраўніка краіны ў траўні будучага году.
Надоечы Нікаля Сарказі падчас візыту ў Кале абяцаў ліквідаваць лягер да канца 2017 году, зразумела, калі ён пераможа на выбарах. Франсуа Алянд раскрытыкаваў свайго суперніка за выкарыстаньне справы мігрантаў у палітычных мэтах. Аднак, пабываючы ў Кале, дзейны кіраўнік Францыі не рашыўся наведаць лягер. Ён сустрэўся выключна з прадстаўнікамі паліцыі, гуманітарных арганізацыяў і прадпрымальнікамі.
На агрэсіўныя паводзіны мігрантаў з Кале скардзяцца перавозчыкі, якія з Францыі накіроўваюцца ў Вялікабрытанію. Мігранты нападаюць на іх фуры, паколькі хочуць перабрацца на выспы.
аз