Logo Polskiego Radia
Print

У Коўне праходзіць VI Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.10.2016 15:50
  • кангрэс.mp3
Мерапрыемства сабрало больш за 400 навукоўцаў з амаль 20-ці краінаў сьвету(ФОТА).
Photo:Jarosław Iwaniuk/Redakcja Białoruska

VI Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне сабраў больш за 400 навукоўцаў. У рамках 16-ці паралельных сэкцыяў дасьледчыкі з амаль 20-ці краінаў разглядаюць вельмі шырокі спэктар сучаснай беларускай гуманістыткі, сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў – ад міжнародных стасункаў і эканомікі да пытаньняў сучаснай беларускай культуры, дыяспары ці гендэрных дасьледаваньняў.

/

Апрача беларускіх навукоўцаў, у Коўне сустрэліся экспэрты, між іншым, з Польшчы, Украіны, Летувы, Расеі, Нямеччыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі ці Ізраіля.
У праграме сёлетняга Кангрэсу вельмі многа польскіх акцэнтаў, а сярод удзельнікаў найбольш дасьледчыкаў менавіта з гэтай краіны. На думку старшыні арганізацыйнага камітэта Андрэя Казакевіча, гэта не павінна зьдзіўляць. Па-першае – гаворыць дырэктар Інстытуту палітычных даследаваньняў “Палітычная сфэра” – няма ніякіх бар’ераў паміж Літвою й Польшчай, каб прыехаць. А па-другое, польская беларусістыка самая моцная ў сьвеце.

На думку Андрэя Казакевіча, па-за межамі Беларусі нідзе няма столькі людзей, якія сыстэмна й пастаянна займаюцца дасьледаваньнямі гісторыі Беларусі, лінгвістыкі, палітыкі ды іншых дзялянак.

Зь інаўгурацыйным дакладам выступіў таксама польскі гісторык – прафэсар Анджэй Новак зь Ягелёнскага ўнівэрсытэта, які гаварыў пра Ўсходнюю Эўропу ды яе значэньне для актуальнай расейскай стратэгіі.

На думку старшыні Беларускага гістарычнага таварыства прафэсара Алега Латышонка, гэта выдатны спэцыяліст па гісторыі Расеі й польска-расейскіх адносінаў. Яго даклад выклікаў вялікае зацікаўленьне з боку ўдзельнікаў Кангрэсу.

/

У суботу адбудзецца яшчэ ўзнагароджаньне Ганаровай прэміяй Кангрэсу за лепшую публікацыю на беларускую тэматыку. На гэты раз упешыню будзе ўручаная прэмія за найлепшую публікацыю пра Беларусь на польскай мове. Сярод намінаваных кніг „Беларуская дыялекталогія” Ніны Баршчэўскай і Міраслава Янковяка ды „Вайна ўсіх з усімі” Яўгена Мірановіча пра нямецкую акупацыю Беларусі.

VI Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі закончыцца ў нядзелю.

Яраслаў Іванюк, Коўна

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт