Шатляндыя бярэ пад увагу выхад зь Вялікабрытаніі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.10.2016 10:34
Пра гэта заявіла кіраўнічка шатляндзкага ўраду Нікола Стэрджэн.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
„Вельмі верагодна, што да 2020 году адбудзецца паўторны рэфэрэндум аб выхадзе Шатляндыі са Злучанага Каралеўства”, - заявіла кіраўнічка шатляндзкага ўраду Нікола Стэрджэн.
„Сёньня я ў гэтым больш перакананая, чым на наступны дзень пасьля першага галасаваньня”, - сказала кіраўнічка ўраду ў Эдынбургу ў інтэрвію тэлеканалу ITV.
У чэрвені ў Вялікабрытаніі быў праведзены рэфэрэндум, у якім 52% брытанцаў прагаласавалі за выхад краіны з ЭЗ. У той час у Шатляндыі 62% выбаршчыкаў выказаліся за тое, каб Вялікабрытанія засталася ў супольнасьці.
З гэтага часу Стэрджэн некалькі разоў гаварыла пра магчымасьць правядзеньня паўторнага рэфэрэндуму аб выхадзе Шатляндыі са складу Вялікабрытаніі. Папярэдняе галасаваньне па гэтай справе адбылося ў верасьні 2014 году.
На мінулым тыдні падчас штогадовага зьезду Шатляндзкай нацыянальнай партыі кіраўнічка ўраду заявіла, што ўрад бярэ пад увагу розныя магчымасьці, у тым ліку аддзяленьне ад Вялікабрытаніі, калі яна ўжё ж вырашыцца выйсьці з ЭЗ.
PAP/IAR/аз