За год маёмасьць сярэдняга расейца патаньнела на 15%
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
23.11.2016 15:46
А хутчэй за ўсё ў сьвеце ўзбагачаюцца японцы і амэрыканцы – піша Rzeczpospolita.
Маскваpixabay.com/CC0 Public Domain
Японцы багацеюць найхутчэй на сьвеце, а вось брытанцы й расейцы бяднеюць. Такія дадзеныя апублікаваў банк Credit Suisse ў сваім штогадовым дакладзе аб разьмеркаваньні сусьветнага багацьця World Wealth Report. Даклад цытуе газэта Rzeczpospolita. Па тэмпах росту багацьця Японія ў 2016 годзе ўпершыню апярэдзіла Злучаныя Штаты. За год ўласнасьць кожнага японца падаражэла на 9,3%.
А вось маёмасьць кожнага сярэднестатыстычнага брытанца за год патаньнела на 10,3%. Аўтары дакладу зьвязваюць гэта з рашэньнем Брытаніі выйсьці з Эўрапейскага зьвязу. Багацьце сярэдняга расейца за год таксама патаньнела на 15%, а ўласнасьць сярэдняга кітайца патаньнела на 3,4%.
Больш за ўсё людзей з багацьцем большым за мільён даляраў пражывае ў ЗША – амаль 14 мільёнаў. На другім месцы па колькасьці мілянэраў знаходзіцца Японія з 2,64 мільёна, на трэцім – Вялікабрытаныі з 2,05 мільёна.
Расея лідаруе пакуль што ў адной катэгорыі рэйтынгу Credit Suisse – у сацыяльнай няроўнасьці. 10% жыхароў Расеі валодаюць 89% нацыянальнага багацьця. У ЗША 10% самых багатых трымаюць 78% эканомікі, у Кітаі – 73%, а ў Польшчы – 30%.
Rzeczpospolita/ап