Дзярждума прыняла заяву аб украінска-польскай дэклярацыі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
01.12.2016 16:06
«Дэклярацыі памяці й салідарнасьці» прынялі Сэйм Польшчы й Вярхоўная рада Ўкраіны.
Дзяржаўная дума www.flickr.com/Patrick Lauke
Дзярждума Расеі прыняла заяву адносна «Дэклярацыі памяці й салідарнасьці», за якую прагаласавалі Сэйм Польшчы й Вярхоўная рада Ўкраіны.
У згаданай украінска-польскай дэклярацыі адлюстраваныя падзеі Другой сусьветнай вайны і ўзброены канфлікт у Данбасе. У прыватнасьці, робіцца заява «аб гістарычнай ахвяры народаў Польшчы і Ўкраіны дзеля абароны свабоды й незалежнасьці». Дэклярацыя разглядае пакт Рыбэнтропа-Молатава як падставу для акупацыі Польшчы Нямеччынай і Савецкім Саюзам, рэпрэсій супраць украінскага й польскага народаў.
У сваю чаргу ў заяве Дзярждумы гаворыцца, што такім чынам польскія і ўкраінскія палітыкі спрабуюць «затушаваць» праблемы ўласных ўзаемаадносінаў «сяброўствам супраць агульнага ворага».
Гэтай правакацыяй яны ня толькі наносяць непапраўную шкоду адносінам з Расеяй, але й «падрываюць непарушнасьць уласных межаў», – адзначаецца ў заяве Дзярждумы.
Таксама гаворыцца, што прынятая ўкраінска-польская дэклярацыя пярэчыць нормам міжнароднага права. У Расеі спробу абапірацца на гэтую дэклярацыю з боку трэціх краін могуць расцаніць як «варожыя дзеяньні», зазначаецца ў дакумэнце Дзярждумы.
Дзярждума таксама заклікала парлямэнты ЗША й Вялікабрытаніі, як саюзьнікаў Расеі ў Другой сусьветнай вайне, далучыцца да заявы.
паводле интэрфакс/вс