Logo Polskiego Radia
Print

Шатляндыя не выключае выхаду са Злучанага Каралеўства

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.03.2017 16:01
Рэфэрэндум па гэтай справе мог бы адбыцца ў Шатляндыі ў будучым годзе.
Photo: pixabay.com

Другі рэфэрэндум па пытаньні аб незалежнасьці Шатляндыі можа адбыцца ў наступным годзе, паведаміла кіраўнічка шатляндзкага ўраду Нікола Ст’ёрджэн.

Паводле яе, прасоўваны цэнтральным урадам гэтак званы цьвёрды брэксіт - гэта дастатковая прычына дзеля таго, каб паўтарыць галасаваньне па выхадзе Шатляндыі са складу Злучанага Каралеўства.

Нагадаем, на рэфэрэндуме па справе выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ 62% жыхароў Шатляндыі выказвалася за тое, каб застацца ў Эўразьвязе. У Англіі гэтага хацелі менш як 47% выбаршчыкаў.

Упершыню шатляндцы галасавалі па справе магчымай незалежнасьці ў 2014 годзе. Тады большасьць выбаршчыкаў, то бок 55%, выказалася за тое, каб застацца ў складзе Злучанага Каралеўства. Супраць прагаласавалі 45% шатляндцаў.

Згоду на правядзеньне другога рэфэрэндуму павінен даць цэнтральны ўрад. Да гэтага часу прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй не хацела камэнтаваць справы. Аднак многія палітычныя аглядальнікі лічаць, што па палітычных прычынах адхіліць фармальную просьбу Шатляндыі аб паўторным галасаваньні цэнтральнаму ўраду ня будзе лёгка.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт