Logo Polskiego Radia
Print

Макрон: «Эўрапейскі зьвяз – гэта не супэрмаркет»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.06.2017 13:58
Прэзыдэнт Францыі заявіў, што будзе патрабаваць ад усіх краінаў ЭЗ салідарнасьці.
Эманюэль Макрон. Фота: PAP/EPA/GONZALO FUENTES / POOLЭманюэль Макрон. Фота: PAP/EPA/GONZALO FUENTES / POOLPAP/EPA/GONZALO FUENTES / POOL

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон даў першае вялікае інтэрвію замежнай прэсе, дзе прадставіў сваё бачаньне аб’яднанай Эўропы. Адной з 8 газэтаў, запрошаных на прэс-канфэрэнцыю з Макронам, была польская Gazeta Wyborcza.

Эманюэль Макрон заявіў, што ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай будзе прасоўваць ідэю «Эўропы, якая ахоўвае сябе й сваіх грамадзянаў». Макрон перакананы, што Эўразьвяз павінен праводзіць уласную палітыку абароны й бясьпекі, эфэктыўна абараняць свае межы, весьці агульную міграцыйную палітыку, а таксама абараняць сваіх грамадзянаў ад нэгатыўных наступстваў глябалізацыі. У гэтым кантэксьце Макрон выступіў супраць працаўладкаваньня ў Заходняй Эўропе танных працаўнікоў з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. На яго думку, гэта павышае сацыяльную напружанасьць.

Для Польшчы жаданьне зьменшыць працаўладкаваньне замежнікаў – гэта дрэнная навіна, піша Gazeta Wyborcza. Наступная дрэнная навіна – гэта намер стварыць асобны бюджэт для краінаў, якія ўвялі валюту эўра. Яго рэалізацыя прывядзе да скарачэньня сродкаў, якія Эўразьвяз вылучае Польшчы.

Акрамя таго, Макрон востра раскрытыкаваў урады некаторых усходнеэўрапейскіх краінаў за «парушэньне прынцыпаў Эўрапейскага зьвязу». «Яны ідуць на парушэньне прынцыпаў, паварочваюцца сьпіной да Эўропы, цынічна падыходзяць да Эўразьвязу, які павінен даваць толькі крэдыты […] Але Эўразьвяз – гэта не супермаркет», – выказаўся Эманюэль Макрон.

Выказваючыся на тэмы міжнароднай палітыкі, Эманюэль Макрон паведаміў, што гатовы супрацоўнічаць з Уладзімерам Пуцінам дзеля ўрэгуляваньня канфлікту ў Сірыі, але «не чакае ад дыялёгу з Масквой цудаў». На думку Макрона, Пуцін стараецца збудаваць «вялікую Расею», каб аб’яднаць грамадзянаў і пазьбегнуць распаду ўласнай дзяржавы. Макрон заявіў, што ня лічыць, што Пуцін хоча аслабіць альбо зьнішчыць Эўразьвяз. Пры гэтым прэзыдэнт Францыі выказаўся ў абнадзейваючым ключы наконт Украіны. «Мы абавязаны абараняць Эўропу і яе саюзьнікаў у рэгіёне. У гэтым пытаньні мы ня можам паступацца нічым», – падкрэсьліў прэзыдэнт Францыі.

Gazeta Wyborcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт