Logo Polskiego Radia
Print

Міграцыйны крызыс радыкальна зьмяніў Эўропу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.10.2017 15:01
Міграцыйны крызыс стаў для Эўропы падобным шокам, якім для ЗША было 11 верасьня.
pixabay.com/Public Domain/CC0

«Newsweek Polska» друкуе інтэрвію з баўгарскім палітолягам Іванам Краставым (Iwan Krastew), аўтарам кніг пра Эўропу. Ён параўноўвае сытуацыю ў сёньняшняй Эўропе з тым, што адбывалася ў 70-ыя гады, калі да ўлады прыходзіла новае пакаленьне палітыкаў зь левымі поглядамі. Цяпер наадварот у многіх краінах перамагаюць правыя сілы. Іхняя мэта – навесьці парадак, перакрыць межы, стрымаць міграцыю. У бліжэйшым часе мы будзем сьведкамі вялікіх перамен, а галоўныя партыі, каб стрымаць папулістаў, пачынаюць рэалізаваць іх уласныя ідэі.

Захад баіцца імігрантаў, паколькі яны пагражаюць яго стылю жыцьця, сьвету, у якім здаўна існуюць роўныя правы мужчын і жанчын, дзе адзінка адчувае сябе свабоднай. На думку Крастава, міграцыйны крызыс стаў для Эўропы падобным шокам, якім для ЗША было 11 верасьня. Амэрыка вельмі моцна зьмянілася пасьля гэтага. Раней амэрыканцы лічылі сьвет тэрыторыяй уласнай дамінацыі, а пасьля тэрактаў яны пачалі заўважаць вонкавыя пагрозы. Гэта ўсё ўзмацніла кансэрватыўныя сілы і давяло да перамогі Трампа. Міграцыйны крызыс зьмяніў таксама Эўропу. Цяпер сюды прыбывае значна менш мігрантаў, чым яшчэ ў 2015 годзе. Момант панікі прайшоў, а людзі спрабуюць прыстасавацца да новай сытуацыі. Мяняецца таксама мысьленьне эўрапейцаў. Яны сталі значна больш баязьлівымі, менш адкрытымі на сьвет.

У сваю чаргу для краін Цэнтральнай Эўропы сапраўднай праблемай можа стаць эканоміка. Мадэль бізнэсу пакуль што абапіраецца тут на танную рабочую сілу, у выніку вялікая частка жыхароў зьяжджае за мяжу. Акрамя таго, назіраецца ўсё большая аўтаматызацыя працы. Гэта азначае, што неўзабаве вялікая частка працоўных месцаў зьнікне з Польшчы, паколькі яны вернуцца ў Нямеччыну, дзе дадзеную працу выканаюць робаты.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт