Logo Polskiego Radia
Print

Расея падпіша дамову аб прызнаньні візаў зь Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.01.2018 15:43
Гэта можа азначаць, што Расея й Беларусь пачнуць прызнаваць так званыя «чорныя сьпісы» абедзьвюх краінаў.
PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

Расея й Беларусь намераныя падпісаць дамову аб узаемным прызнаньні візаў. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак паведаміў міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Такі крок спрасьціў бы перасячэньне расейска-беларускай мяжы грамадзянам трэціх краінаў. Кіраўнік расейскай дыпляматыі паведаміў, што працы над праектам знаходзяцца на фінальнай стадыі.

У 2016 годзе Масква перастала прызнаваць беларускія транзытныя візы і зачыніла беларуска-расейскую мяжу для грамадзянаў трэціх дзяржаваў. Цяпер іншаземцы, якія едуць з Эўрапейскага зьвязу, могуць патрапіць на расейскую тэрыторыю толькі праз памежныя пераходы ў Латвіі ды Ўкраіне.

Але Сяргей Лаўроў запэўніў, што неўзабаве сытуацыя зьменіцца. «Мы прапанавалі ўзгодніць дамову аб узаемным прызнаньні візаў, якая ў значнай ступені падрыхтаваная, і маю надзею, што ў бліжэйшы час будзе падпісаная. Мы да гэтага гатовыя», – заявіў кіраўнік расейскага МЗС.

На практыцы гэта можа азначаць, што Расея і Беларусь пачнуць прызнаваць так званыя «чорныя сьпісы» абедзьвюх краінаў. Калі грамадзянін трэцяй дзяржавы апынецца ў сьпісе непажаданых асобаў Расеі, то ён аўтаматычна ня зможа ўехаць на Беларусь і наадварот. Такое абмежаваньне можа быць асабліва непрыемным для палітыкаў і журналістаў.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт