Пажары ў Грэцыі верагодней за ўсё былі вынікам падпалаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.07.2018 16:23
Рэгіён вакол Афінаў зьяўляецца вельмі прывабным для забудоўшчыкаў.
skeeze/pixabay.com/CC0
Верагодней за ўсё, апошнія трагічныя пажары ў Грэцыі былі вынікам мэтанакіраваных падпалаў злачынных груповак, якія супрацоўнічаюць зь мясцовымі дэвэлёпэрамі – піша «Niezalezna.pl». Рэгіён вакол грэцкай сталіцы зьяўляецца вельмі прывабным для забудоўшчыкаў. Згодна законам краіны, на тэрыторыі, дзе не растуць дрэвы, можна будаваць дамы.
Падобная сытуацыя мела месца ў апошнія гады таксама ў Партугаліі ды Гішпаніі. У адным толькі мінулым годзе ў Партугаліі згарэла 350 тыс. гектараў лясоў, а ў Гішпаніі – 88 тыс. У дадзеных дзяржавах вялізныя прыбыткі маюць кампаніі, якія вырабляюць паперу і мэблю, паколькі драўніну пасьля лясных пажараў можна выкарыстоўваць у вытворчасьці, а яе вялікім плюсам зьяўляецца нізкая цана.
Летась мадрыдзкае штодзённае выданьне «El Mundo» паведамляла, што з 2005 году гішпанскія фірмы, якія здаюць напракат самалёты для гашэньня пажараў, дамаўляліся з чыноўнікамі аб правядзеньні публічных тэндэраў, што дазволіла ім дасягнуць вялізныя прыбыткі – 821 млн. эўра.
У сваю чаргу ў Польшчы СМІ рэгулярна паведамляюць пра чарговыя выпадкі пажараў на звалках сьмецьця. Лясоў у краіне пакуль што не падпальваюць. Гэта забудоўшчыкам не патрэбнае, паколькі чыноўнікі і так як правіла выключна прыхільна ставяцца да іх дзейнасьці. Прыкладаў можна прывесьці шмат, хаця б будаўніцтва вялікага замку ў сярэдзіне Натэцкай пушчы.
Niezalezna.pl/нг