Logo Polskiego Radia
Print

"Не дзіця, а чалавек"

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 01.06.2012 15:21
  • Януш Корчак.mp3
Пэдагагічная спадчына Януша Корчака застаецца актуальнай і ў 21 ст.

/

Пэдагагічная спадчына Януша Корчага працягвае заставацца актуальнай. Права дзіцяці на павагу, спакойнае й радаснае жыцьцё ня можа зьмяняцца. А менавіта пра гэта пісаў Корчака.

Доктар Корчак заўсёды падкрэсьліваў суб’ектнасьць і аўтаномію дзіцяці, заклікаў ня грэбаваць дзецьмі, давяраць ім і ставіцца да іх гэтаксама, як і да дарослых. “Зь дзіцем трэба шукаць паразуменья й супрацоўнічаць, лагодна ставіцца да цяжкасьцяў яго разьвіцьця, ведаў і няведаньня, мовы, творчасьці, посьпехаў і паразаў” – вучыў нас Корчак. Быць заўсёды ўважлівымі на іх патрэбы, быць чулымі на дзіцячы боль і крыўду. Корчак заклікаў ліквідаваць бар’еры, якія стрымліваюць іх разьвіцьцё, ды павялічваць доступ да асьветы й культуры.

“Штодзённасьць паказвае – пісаў Ян Корчак – што на дзіця глядзяць пераважна ў катэгорыі “заўтра”, у яго заўтрашніх посьпехах і дасягненьнях. Гэта кардыльная памылка, якая прыводзіць да незваротнага”. Нельга аддаваць дзіця ў “няволю заўтра”. Заўтра – гэта вораг дзіцяці, лічыў Корчак.

Партнэрскае стаўленьне да дзіцяці – гэта калі дасрослыя ўспрымаюць яго ў катэгорыі “сёньня”. Толькі такім чынам можна цалкам убачыць у дзіцяці чалавека. Корчак пісаў, што трэба імкнуцца разумець дзіця.

Пэдагагічная філясофія Януша Корчака найлепш апісаная ім у эсэ “Як кахаць дзіця” (1919). Стары доктар раіў выхавацелям: “Спазнай сябе перад тым, як захочаш спазнаць дзяцей. Зразумей, на што ты сам здольны, перад тым, як пачнеш патрабаваць штосьці ад дзяцей”.

Уводзіць сваю філясофію ў жыцьцё Януш Корчак пачаў на пасадзе дырэктара Дому сіротаў па вуліцы Крахмальнай 92, у Варшаве. Гэта быў Дом дзіцяці для габрэйскіх сіротаў. Галоўнай выхаваўчай задачай было самавыхаваньне, а ў выніку – падрыхтоўка да самастойнага жыцьця. Гэтаму спрыяла арганізацыя дому – пачынаючы ад правіл гігіены, харчаваньня, навукі, гульняў і забавы, і сканчваючы на гаспадарчых працах і хатніх абавязках.

У Доме сіротаў быў унікальны мікракосмас. Гэта была прастора дзіцячага разьвіцьця, рэальны сьвет жыцьця, працы, адукацыі й адпачынку. І самае галоўнае: блізкія й сяброўскія адносіны для дзяцей стваралі самі дзеці і іх выхавацелі. Тут, у натуральнай атмасфэры групы аднагодак, у дзяцей былі роўныя правы й абавязкі. Яны вучыліся сяброўству, даведваліся, што такое ўзаемадапамога й супраца, а таксама вучыліся нормаў жыцьця ў супольнасьці ды вырашэньня грамадзкіх канфліктаў.

Гэты мікракосмас стваралі дэталі: інфармацыйная табліца, скрынка для лістоў, шафа знойдзеных рэчаў, дзіцячая газэта, сыстэма дыжурстваў, супольныя паседжаньні зь дзецьмі. Папулярнымі былі “спрэчкі за нешта”, “графік ранішняга пад’ёму”, плебісцыты, граматы. Быў у Доме нават свой суд. Яго задачай было не пакараньне, а выхоўваньне самаацэнкі, зразуменьня й прабачэньня. Дзякуючы такой мэтодыцы выхаваньня, дзецям прышчэпліваліся каштоўнасьці дэмакратыі, дыялёгу, грамадзянства, адвагі, самакантролю, індывідуальнасьці й творчасьці.
Дзеці ў Доме сіротаў маліліся. Для тых, хто ня верыў у Бога, былі ўласныя малітвы, якія нагадвалі формай аўтарэфлексію.

Калі пачалася вайна, то Корчак разам зь дзецьмі трапіў у варшаўскае гета. На 400 гектарах жылі 450 тысяч чалавек. Жылі ў голадзе, холадзе, хваробе, не хапала вопраткі. Найгорш у такой сытуацыі было дзецям. Сотні адзінокіх, галодных і замучаных дзяцей, апранутыя ў лахманы, бадзяліся па вуліцах у пошуку ежы. Але нават у гета Корчак працягваў сваю працу – там дзейнічаў яго славуты Дом сіротаў.
Корчак быў выхавацелем да канца. Ён загінуў у лягеры ў Трэблінцы разам са сваімі выхаванцамі, але і ў 21 стагодзьдзі ён працягвае вучыць, як кахаць дзяцей.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт