Logo Polskiego Radia
Print

Забараніць прадаваць беларусам інфармацыйныя тэхналёгіі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.11.2012 16:26
Такую санкцыю супраць дыктатарскіх рэжымаў прапануе Эўрапарлямэнт. Ці яна будзе эфэктыўнай?

Эўрапейскі парлямэнт заклікае чальцоўскія краіны ЭЗ увесьці забарону на продаж у недэмакратычныя дзяржавы інфармацыйных тэхналёгій, якія могуць выкарыстоўвацца для цэнзуры й праслухоўваньня апанэнтаў уладаў. Эўрадэпутаты асудзілі тое, што некаторыя эўрапейскія прадпрыемствы даюць неабмежаваны доступ аўтарытарным рэжымам, у тым ліку беларускаму, да сваіх базаў дадзеных.

Дэпутаты парлямэнту мяркуюць, што эўрапейскія кампаніі павінны гуляць ключавую ролю ў распрацоўцы й распаўсюджваньні сацыяльных стандартаў ва ўсім сьвеце. Яны пры гэтым віталі рашэньне Рады ЭЗ забараніць экспарт некаторых інфармацыйных тэхналёгій у Сырыю ды Іран і настойвалі, каб гэтая забарона была пашыраная на іншыя рэпрэсіўныя рэжымы, у тым ліку беларускі. Дыктатары могуць выкарыстоўваць такія тэхналёгіі для цэнзураваньня тэкстаў ды адсочваньня апазыцыі.

Ці такая санкцыя – забарона продажу Беларусі інфармацыйных тэхналёгій, калі б яна была ўведзена, паўплывала б нейкім чынам на беларускі рэжым? Калі нельга купіць у Эўропе, ён купіць у іншым месцы, – рэалістычна ацэньвае аналітык Аляксандар Фядута.

А. Фядута: Усё, што патрэбна беларускаму рэжыму, ён ужо даўно набыў. Не прададуць яму зараз у Польшчы ці Нямеччыне, то прададуць у Расеі тую ж самую прадукцыі. Каб сумленьне не балела эўрапейцам, то, магчыма, гэта мае сэнс, але практычнага сэнсу няма ніякага. Усе ведаюць, што праслухоўваць палітычных апанэнтаў дрэнна, але яны праслухоўваліся падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Ва ўсім сьвеце гэта называецца уотэргэйт, а ў нас гэта называлася прадухіленьнем спробы дзяржаўнага перавароту. Можна сказаць: нам патрэбная тэхніка, каб адсочваць арганізаваную злачыннасьць або спробы тэрарыстычных актаў. І як даведацца, дзеля чаго выкарыстоўвалася гэтая тэхніка? Ды наогул могуць гэтую тэхніку набыць прыватныя асобы, пра забарону продажу якім Эўропа ніякіх рашэньняў не прымала.

Зразумела, санкцыі з боку Эўропы супраць Беларусі патрэбныя, але неабходна задумацца, ці ў дадзеным выпадку яны эфэктыўныя, – гаворыць юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла.

Г. Паганяйла: Любыя санкцыі, якія аслабляюць рэжым, яго магчымасьці татальна кантраляваць грамадзянскую супольнасьць,патрэбныя. Яны будуць зьмяншаць магчымасьці, у тым ліку тэхнічныя, структур, якія займаюцца палітычнай сочкай, уводзяць цэнзуру, у тым ліку ў інтэрнэце. Але наколькі эфэктыўныя будуць гэтыя крокі, калі яны прадпрымаюцца толькі краінамі ЭЗ? У гэтай галіне тэхналёгіі вельмі разьвітыя таксама ў Кітаі, дзе Беларусь можа набыць адпаведнае абсталяваньне. Дарэчы, там такое абсталяваньне распрацоўваецца дзеля падобных патрэбаў. Таму цяжка казаць пра эфэктыўнасьць такіх санкцый.

Калі санкцыі, што ўводзіць Эўропа супраць беларускага рэжыму, такія неэфэктыўныя, то, можа, беларускія апанэнты ўладаў павінны ёй падказаць крокі, якія лепш спрацуюць? На жаль, магчымасьцяў у эўрапейцаў няшмат. Уся справа ўпіраецца ў Расею, – адзначае Аляксандар Фядута.

А. Фядута: Сытуацыя такая, што, каб нешта сапраўды зрабіць, Эўропа павінна стварыць хаўрус з Расеяй па беларускім пытаньні. Частка эўрапейскіх краін дагэтуль лічыць Расею сваім галоўным супраціўнікам, а другая частка мяркуе, што абыйдземся неяк без Расеі, мы самі моцныя, а трэцяя частка наогул кажа: а няма ніякага беларускга пытаньня, ёсьць пытаньне Лукашэнкі, пачакаем, раней ці пазьней яго ня стане.

Беларускія спэцслужбы даўно ўжо выкарыстоўваюць тэхналёгіі для адсочваньня запісаў у інтэрнэце й праслухоўваньня апанэнтаў. Эўрапейскія фірмы маюць лепшую тэхніку, але гэта не прыцыпова важна для беларускіх уладаў.

Г. Паганяйла: Правайдэры вельмі залежаць ад беларускіх уладаў. Тэхніка для іх кантраляваньня даўно ўжо набытая. Зразумела, на захадзе тэхналёгіі больш сучасныя, але ў сёньняшнім сьвеце інфармацыя пра новыя магчымасьці вельмі хутка пранікае ва ўсе краіны.

Пасьля гэтак званай “арабскай вясны” ўсё больш урадаў зацікаўлены ў тым, каб кантраляваць насельніцтва з дапамогай сотавай сувязі. Знайсьці й перахапіць карыстальніка – не праблема. Напрыклад, у тэлекамуніцкацыйнай кампаніі TeliaSonera, яе даччыных фірмах у Беларусі, Азэрбайджане, Казахстане, Узбкістане ёсьць праграма “чорных скрыняў”, да якой маюць доступ спэцслужбы гэтых дзяржаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт