На мінулым тыдні экспэрты падсумавалі фактычныя вынікі арганізацыі чэмпіянату Эўропы па футболе „Эўра-2012” у Польшчы.
Паводле іхнай згоднай ацэнкі, „Эўра-2012” рашуча паўплывала на польскую эканоміку, разьвіцьцё замежнага турызму й вобразу краіны за мяжой. Акрамя таго, арганізацыя чэмпіянату Эўропы ў Польшчы дала вынікі лепшыя, чым спадзяваліся.
Дзякуючы „Эўра-2012” Польшчу кожны год можа наведаць нават на 766 тысячаў замежных турыстаў больш, чым прагназаваныя ў 2010 годзе 500 тысячаў. Большыя, чым плянаваныя, могуць быць таксама дадатковыя даходы ад замежнага турызму ў гадах 2013- 2020. Замест прадугледжанага дадатковага 1 мільярда эўра, яны могуць скласьці нават 1 мільярд 700 мільёнаў эўра. Гэта на 67% лепш, чым складалі ранейшыя прагнозы. Агульны станоўчы ўплыў „Эўра-2012” на ВУП у гады 2008 -2020 можа скласьці больш за 5 мільярдаў эўра.
Падчас „Эўра-2012” Польшчу наведала больш за 677 тысячаў замежных турыстаў і заўзятараў з 123 краін сьвету. Апрача таго, у Польшчы падчас чэмпіянату знаходзілася каля 8,5 тысяч замежных журналістаў, 2,5 тысячы чальцоў нацыянальных зборных і каля 400 замежных дoбраахвотнікаў.
Хоць замежных турыстаў і заўзятараў прыехала ў Польшчы крыху менш, чым чакалася, то яны выдаткавалі ў нашай краіне на 33% больш грошаў, чым разьлічвалі палякі, - кажа Мікалай Пятроўскі, дырэктар па справах кантактаў са СМІ кампаніі „PL.2012” –арганізатара чэмпіянату ў Польшчы.
Мікалай Пятроўскі: Посьпех перавысіў нашыя спадзяваньні. Ён перавысіў таксама спадзяваньні UEFA. Доказы выразныя: цягам 23 дзён спартыўнага мерапрыемства замежныя турысты выдаткавалі ў Польшчы амаль 300 мільёнаў эўра, замест спадзяваных 190 мільёнаў эўра. Гэта нашмат больш, чым мы чакалі.
- кажа Мікалай Пятроўскі.
Дзякуючы станоўчым ацэнкам замежных гасьцей, а таксама вялікай колькасьці пазытыўнай інфармацыі ў замежных СМІ, рэйтынг Польшчы ў сьвеце выразна павысіўся. Гэта пацьвярджае вынік дасьледаваньня нацыянальных брэндаў, праведзены лёнданскім „Brand Finance Institute”. У гэтым годзе вартасьць нацыянальнага брэнду Польшчы вырасла на 75%, то бок, найбольш сярод усіх ста дасьледаваных краінаў.
Кошт брэнда Польшчы павялічыўся з 269 мільярдаў даляраў да 472 мільярдаў даляраў. Такім чынам, краіна апынулася ў першай дваццатцы краін з найбольш каштоўным нацыянальным брэндам.
аз