Фота: gover.pl
Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі зьвярнуўся да кіраўніка беларускага МЗС Уладзімера Макея з просьбаю даць яму магчымасьць сустрэцца зь беларускімі палітвязьнямі. Ці асоба, якая вельмі нэгатыўна ўспрымаецца беларускімі ўладамі, зможа атрымаць дазвол на ўезд у краіну, і ці такі візыт патрэбны?
Марэк Мігальскі зьяўляецца намесьнікам чальца дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў стасунках зь Беларусяй, таму вельмі ўважліва сочыць за сытуацыяй вакол беларускіх палітвязьняў. Ён адзначае, што асабліва яго турбуе лёс Мікалая Статкевіча й Зьмітра Дашкевіча, але па меры магчымасьці ён хацеў бы сустрэцца таксама зь іншымі беларускімі палітвязьнямі.
М. Мігальскі: Я мяркую, што гэта мой абавязак. Я ўзяў на сябе задачу сачыць за лёсам гэтых двух палітзьняволеных. Таму лічу, што да маіх абавязкаў належыць сустрэча з гэтымі людзьмі, каб запытаць, якая дапамога ім патрэбная. На дадзены момант рашэньне павінны прыняць улады беларускай дзяржавы. Некалькі месяцаў таму Павал Коваль, які займаецца Ўкраінай, зьвярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбаю сустрэцца зь Юліяй Цімашэнкай. Украінскія ўлады дазволілі яму правесьці такую сустрэчу. Спадзяюся, што беларускія ўлады павядуць сябе рацыянальна, і таксама ня будуць перашкаджаць, разумеючы, што такі візыт – гэта нічога дрэннага. Ён дазволіць мне толькі аб’ектыўна ацаніць умовы, у якіх знаходзяцца абодва палітвязьні.
Як адзначыў эўрадэпутат, у СМІ ня раз зьяўлялася інфармацыя пра тое, што Статкевіча й Дашкевіча перасьледуюць у турме па палітычных матывах, на іх чыніцца сур’ёзны ціск празь ізаляцыю ад вонкавага сьвету ды ўтрыманьне ў цяжкіх умовах. Таму Мігальскі хацеў бы асабіста праверыць умовы, у якіх яны знаходзяцца.
Тым часам адвакат Статкевіча, а раней і Дашкевіча, Аляксандар Галіеў, гаворыць, што ніколі не было перашкодаў на сустрэчы з палітвязьнямі, у Статкевіча ёсьць інфармацыя пра вонкавы сьвет, ён атрымлівае прэсу, але агульныя ўмовы прабываньня ў беларускай турме прыніжаюць чалавека.
А. Галіеў: Умовы прабываньня вязьняў у беларускіх турмах – гэта ня толькі абмежаваньне свабоды, гэта яшчэ й прыніжэньне. Беларускае грамадзтва дастаткова разьвітае, каб палепшыць умовы ўтрыманьня ў турмах. Дзеля гэтага ёсьць грошы ў бюджэце, але мала надаецца ўвагі гэтаму пытаньню, хаця працуюць над гэтым праваабаронцы. Адна справа – пазбавіць чалавека свабоды, а іншая – пазбавіць яго права на нармальныя бытавыя ўмовы.
Некалькі месяцаў таму зь беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку Статкевічам і Дашкевічам, сустрэўся апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці. На гэты візыт беларускія ўлады далі зялёнае сьвятло, але гэтак адбылося таму, што ім патрэбныя добрыя адносіны з Ватыканам. У выпадку Марэка Мігальскага такой патрэбы няма, - мяркуе палітоляг Валер Карбалевіч.
В. Карбалевіч: Тэарэтычна ня выключана, што нейкім грамадзкім дзеячам улады маглі б дазволіць сустрэцца. Але вельмі важныя асобы ці структуры, якія прадстаўляюць гэтыя людзі. Мігальскі – вельмі вядомая фігура, прычым, вядомая вельмі нэгатыўным стаўленьнем да беларускага рэжыму. Таму наўрад ці гэтая ініцыятыва можа мець посьпех. Вось дыпляматычны прадстаўнік Ватыкану такую магчымасьць атрымаў, таму што беларускія ўлады зацікаўленыя ў разьвіцьці дачыненьняў з Ватыканам, каб Ватыкан лябіраваў інтарэсы афіцыйнага Менску ў Эўропе. Таму яны гатовыя пайсьці на саступкі.
Невядома, ці Марэк Мігальскі ўвогуле зможа ўехаць на тэрыторыю Беларусі, паколькі ён ужо атрымліваў адмоўны адказ, невядома, зь якой прычыны. Але, нават калі ўлады не дадуць дазволу на сустрэчу, тым ня менш, неабходна казаць пра справу як мага больш, - дадае адвакат Аляксандар Галіеў.
А. Галіеў: Нельга разрубіць камень мячом, але вада камень точыць. Трэба абавязкова нешта рабіць, нельга апускаць рукі. Прыклад суседняй Польшчы для нас таксама важны. Трэба рабіць, трэба гаварыць, дабівацца, старацца. Толькі так мы можам зьмяніць сьвет у лепшы бок.
Марэк Мігальскі ў кастрычніку мінулага году ініцыяваў акцыю салідарнасьці са Статкевічам і Дашкевічам, кампанію «Свабода х 2». У рамках кампаніі быў створаны адмысловы сайт www.2free.eu, на якім разьмешчана інфармацыя аб сытуацыі з гэтымі палітыкамі, а таксама аб дзеяньнях, якія эўрадэпутат робіць. На сайце ёсьць таксама пэтыцыя да кіраўнікоў дзяржаваў - чальцоў ЭЗ, каб яны ўвесь час нагадвалі пра тых беларускіх вязьняў сумленьня, якіх перасьледуюць і прыгнятаюць у калёніях.
нг