Сёлета на пачатку сакавіка ўпершыню адзначаўся Эўрапейскі дзень памяці пра справядлівых, устаноўлены рашэньнем Эўрапейскага парлямэнта ад 10 траўня 2012 года.
З гэтай нагоды старшыня польскага Сэйму Эва Копач адкрыла ў сядзібе парлямэнта выставу пад назовам: „Ян Карскі. Чалавек свабоды”.
У гэты дзень мы асаблівым чынам згадваем пра людзей, якія рызыкавалі жыцьцём, каб выратаваць іншых, - кажа дырэктар Музэя гісторыі Польшчы Робарт Костра.
Робарт Костра: Эўрапейскі парлямэнт устанавіў Эўрапейскі дзень памяці пра справядлівых, каб ушанаваць усіх тых, хто ў часы Другой сусьветнай вайны дапамагаў габрэям ды наогул людзям, якім пагражала сьмерць ад кулі акупанта. Яны часта рызыкавалі жыцьцём. Нагадваю, што падчас вайны ў Польшчы за дапамогу габрэям пагражала сьмяротнае пакараньне. Памяць пра гэтых людзей, якіх прозьвішчы мы ведаем, як Ян Карскі, ці Ірэна Сэндлерова, а таксама пра тых, тоеснасьці якіх мы ня ведаем, зьяўляецца нашым абавязкам.
Паводле дырэктара Музэя гісторыі, загаловак выставы, якая была адкрытая ў польскім Сэйме, то бок „Ян Карскі. Чалавек свабоды”, абсалютна не зьдзіўляе.
Робарт Костра: Ян Карскі - гэта адна з найбольш выдатных і цікавых польскіх постацяў часоў Другой сусьветнай вайны. Гэта быў эмісар Польскай Падпольнай Дзяржавы, які пасярэднічаў у сувязі паміж палітычнымі арганізацыямі ў акупаванай краіне й польскімі ўладамі на эміграцыі. Карскі ўвайшоў на тэрыторыю гета ды гітлераўскага лягера ў Ізьбіцы. Размаўляў зь габрэйскімі лідарамі ў краіне й першым паведаміў на Захадзе пра Галакост, што пачаўся на тэрыторыі акупаванай Польшчы. Ян Карскі спрабаваў паўстрымаць Галакост. Ён размаўляў з прадстаўнікамі найвышэйшых уладаў, ня толькі польскіх, але таксама брытанскіх і амэрыканскіх. Вядома, што па гэтай справе яму не пашанцавала. Усё ж ягонае намаганьне заслугоўвае памяці й пашаны.
Выстава носіць таксама й другі загаловак, падзагаловак: „Незакончаная місія”, - кажа Робарт Костра.
Робарт Костра: „Ян Карскі. Незакончаная місія” - гэтак называецца праект, які Музэй гісторыі Польшчы рэалізоўвае цягам двух апошніх гадоў. Праект будзе працягвацца таксама і ў будучым годзе. У 2014 годзе прыходзіцца 100-ая гадавінa з дня нараджэньня Яна Карскага. Мы хочам, каб да гэтага часу яго постаць стала вельмі вядомай, як у Польшчы, так і за мяжой. У рамках праекту мы, між іншым, прычыніліся да стварэньня камітэту „Jan Karski US National Centennial Campaign”, які праводзіў лёбінг з мэтай пасьмяротнага адзначэньня Карскага амэрыканскім прэзыдэнцкім Мэдалём свабоды. Менавіта выстава „Ян Карскі. Чалавек свабоды” павінна наблізіць гледачу асобу Яна Карскага – ягоную біяграфію, найважнейшыя посьпехі, таксама пасьля вайны, у часе эміргацыі ў ЗША, дзе ён дзейнічаў на карысьць польска-габрэйскага дыялёгу.
Выстава, якую зь сёньняшняга дня можна паглядзець у польскім Сэйме, упершыню была паказана ў сядзібе ААН. Але ў ЗША яна дэманстравалася ў крыху іншай форме. Яна складаецца з 22 пляншэтаў, якія знаёмяць зь біяграфіяй Яна Карскага.
Робарт Костра: Мы паказваем яго біяграфію, але на даволі буйнамаштабным фоне тагачасных падзеяў. Мы хочам таксама пазнаёміць гледачоў з мэханізмамі дзейнасьці Польскай падпольнай дзяржавы. Постаць Яна Карскага спалучае два аспэкты. З аднаго боку, аспэкт Галакосту й спробу прадухіленьня гібелі габрэяў. З другога боку, Карскі застаецца прадстаўніком нелегальнай польскай дзяржавы й на яго прыкладзе можам паказаць як у часы Другой сусьветнай вайны дзейнічалі яе структуры.
Паводле ідэі аўтараў, экспазыцыя „Ян Карскі. Чалавек свабоды” накіраваная ня толькі да старэйшага пакаленьня гледачоў, але таксама да маладых людзей. Спосаб і форма ейнай прэзэнтацыі павінны наблізіць моладзі ідэі, якімі кіраваўся Ян Карскі, - кажа мастацкі дырэктар выставы Магдалена Паўляк.
Магдалена Паўляк: Сапраўды, гэткая была наша ідэя. Таму мы й запрасілі да супрацы маладых мастакоў. Такім чынам мы хацелі, каб экспазыцыя была цікавая для маладзейшага пакаленьня. Часта гістарычныя выставы рыхтуецца для канкрэтнай групы гледачоў - пастаянных аматараў гісторыі. Мы хацелі, каб выпадковых мінакоў нешта зацікавіла ў экспазыцыі, каб яны падыходзілі паглядзяць пляншэты; пачытаць нешта пра Яна Карскага; нешта даведацца пра яго асобу.
Паралельна з экаспазыцыяй у будынку польскага Сэйму, выставу, прысьвечаную Яну Карскаму, можна глядзець на рынку Ўроцлава. Раней яна паказвалася на Кракаўскім Прадмесьці ў Варшаве. Неўзабаве яна паявіцца таксама ў залях Бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэта, а пазьней завітае ў іншыя гарады, напрыклад, у Лодзь.
Польская рэдакцыя/ аз