Logo Polskiego Radia
Print

Прапанова падтрымкі незалежных беларускіх СМІ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.07.2013 18:46
  • 22.07-migalski.mp3
Існаваньне незалежных мэдыяў – галоўны ключ да пазытыўных пераменаў у Беларусі.

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі рэгулярна выступае зь ініцыятывамі ў падтрымку беларускай дэмакратыі. На гэты раз Мігальскі прапануе стварыць адмысловы фонд, які выдзяляў бы грошы незалежным сродкам масавай інфармацыі.

Дэпутат прапануе на гэтыя мэты 250 тыс. эўра ў рамках бюджэту ЭЗ на будучы год. Па словах Марэка Мігальскага, для Эўрапейскага Зьвязу гэта сьмехатворная сума, а беларускім незалежным СМІ яна надзвычай патрэбная.

/

М. Мігальскі: Я сапраўды выступіў з такой ініцыятывай, каб падчас прыняцьця бюджэту на будучы год прызначыць адмысловы фонд – 250 тыс. эўра – на падтрымку незалежных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Прапанова будзе абмяркоўвацца ў Камісіі культуры. На маю думку, існаваньне незалежных мэдыяў – гэта галоўны ключ да пазытыўных пераменаў у Беларусі. Эўрапейскі Зьвяз выдаткоўвае агромныя грошы на самыя розныя мэты, часта неразумныя, таму ён павінен знайсьці сродкі на такую шляхетную й патрэбную мэту. Тым больш, што на фоне бюджэту Эўразьвязу гэта проста капейкі. Я спадзяюся, што іншыя дэпутаты падтрымаюць маю ініцыятыву. Журналістам, якія рыхтуюць незалежную інфармацыю для жыхароў Беларусі, гэтыя сродкі вельмі патрэбныя. А маральны абавязак ЭЗ – гэтыя грошы ім даць.

З вашых словаў вынікае, што гэта пакуль што толькі ўступная прапанова, якая яшчэ не абмяркоўвалася. Калі гэты фонд будзе створаны, то якія сродкі масавай інфрмацыі павінны атрымаць падтрымку – тыя, якія працуюць у складаных умовах унутры Беларусі, ствараюць аб’ектыўную журналістыку, ці таксама тыя, якія былі прымушаныя пакінуць межы Радзімы, і працуюць за мяжою на карысьць Беларусі?

М. Мігальскі: Пакуль што гэтая ініцыятыва функцыянуе ў выглядзе ўнесенай папраўкі. Галасаваньне над ёй адбудзецца ў верасьні. І тады будзе прынятае рашэньне, якія СМІ маглі б атрымаць падтрымку, ці толькі тыя, якія працуюць у Беларусі, ці таксама беларускія мас-мэдыі па-за межамі Беларусі, ці, урэшце рэшт, таксама браліся б пад увагу небеларускія СМІ, якія працуюць на карысьць Беларусі. Спачатку важна, каб гэтыя грошы нам выдзелілі.

Якія адносіны іншых дэпутатаў да вашай прапановы, ці яны схільныя яе падтрымаць? Ці вялікі адсотак шанцаў на перамогу, на вашую думку?

М. Мігальскі: Ніколі да канца невядома, якое будзе рашэньне, удасца, ці не. Пакуль што я займаюся лёбінгам гэтай ініцыятывы, каб яна закончыліся посьпехам. Пажывем, пабачым, ці ўдасца. Трымайце пальцы скрыжаванымі.

Чвэрць мільёна эўра – гэта адносна невялікая сума, асабліва ў параўнаньні з патрэбамі беларускіх незалежных СМІ. Калі ўжо такая ініцыятыва паявілася, то, можа, варта было пачаць з большай сумы, з магчымасьцю яе паніжэньня падчас перамоваў.

М. Мігальскі: Я, зразумела, пра гэта думаў. Але, ведаючы мэханізм мысьленьня эўрадэпутатаў, я разумею, што калі б гэтая сума была намнога большая, то дэпутаты ўвогуле адхілілі б прапанову. Маўляў, у Эўразьвязе крызыс, таму Зьвяз ня можа сабе дазволіць такія выдаткі. Таму гэтыя грошы сапраўды не ўражваюць, але кожная тысяча эўра прыдасца беларускім незалежным журналістам. Мы вырашылі пачынаць зь меншай сумы, каб было лягчэй прабіць ініцыятыву, прыняць папраўку.

Сярод іншых шматлікіх ініцыятыў Марэка Мігальскага – таксама падрымка беларускіх палітычных вязьняў. Ён прапануе ўсім неабыякавым людзям высылаць паштоўкі да Зьмітра Дашкевіча й Міколы Статкевіча, асабліва ў дні народзінаў – 20 ліпеня і 12 жніўня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт