Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародная дапамога не для ўсіх

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.08.2013 16:00
  • Міжнародная дапамога не для ўсіх.mp3
Тэма замежнай дапамогі ня раз выклікала спэкуляцыі з боку розных палітычных сілаў у Беларусі.

/

Улады любяць паўтараць, што апазыцыя жыве за замежныя грошы. Унутры самой апазыцыі часьцяком чуваць нараканьні на неэфэктыўнасьць міжнароднай дапамогі. Група беларускіх дасьледчыкаў паспрабавала разабрацца ў мэандрах міжнароднай дапамогі для Беларусі.

У вынікі паўстаў працоўны дакумэнт пад назвай «Аналіз ролі ды месца беларускай грамадзянскай супольнасьці ў сыстэме донарскай дапамогі для Беларусі з боку краін ЭЗ». Аўтары Андрэй Ягораў ды Карына Шыла зазначаюць, што Беларусь атрымлівае з боку міжнароднай супольнасьці значную дапамогу. За 2006-2011 гг. краіна атрымала ад розных дзяржаваў ды міжнародных арганізацый блізу 700 мільёнаў эўра дапамогі. Больш за 70% гэтай сумы выдзяліў Эўразьвяз і ягоныя краіны-чальцы. Пры гэтым непасрэдна на падтрымку няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасьці ЭЗ прызначыў толькі 12% сваёй дапамогі. Для параўнаньня, дзяржаўны сэктар атрымаў 55% выдзеленых сродкаў. Пра што сьведчаць гэтыя лічбы? Яны дэманструюць прыярытэты беларускай дзяржавы й сапраўдны стан грамадзянскай супольнасьці ў краіне, кажа палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў: Часта прэса ды палітыкі ацэньваюць міжнародную тэхнічную дапамогу як падтрымку грамадзянскай супольнасьці ды разьвіцьцё дэмакратыі. Насамрэч такога няма. Вельмі малая частка міжнароднай тэхнічнай дапамогі сфакусаваная на гэтыя тэмы. Асноўныя праграмы, якія рэалізуюцца, гэта дзяржаўныя праграмы. Ёсьць нават плян прыцягненьня міжнароднай тэхнічнай дапамогі Беларусьсю на 2012-2013 гг. Гэта пералік блізу сотні праектаў на агульную суму 400 мільёнаў даляраў, якія б хацела атрымаць дзяржава. Там кожнае міністэрства й ведамства ўнесла свае праекты на атрыманьне міжнароднай дапамогі. Ёсьць і праекты КДБ. Аднак гэта не разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ды рэдка калі зьвязана з разьвіцьцём дэмакратыі.

Дзяржаўным ведамствам даведзены плян па прыцягненьню замежнай дапамогі. Зь іншага боку, улады ўвялі крымінальную адказнасьць для няўрадавых арганізацый за атрыманьне міжнароднай дапамогі?

Юры Чавусаў: Паводле беларускага крымінальнага права, арганізацыя ня можа быць суб’ектам крымінальнай адказнасьці. Затое з пачатку 2000-ых гадоў уведзены рэгістрацыйны парадак атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. За парушэньне была адміністрацыйная адказнасьць, а з 2011-га году ёсьць крымінальная адказнасьць для фізычных асоб. Гэта беспрэцыдэнтны ў нашым рэгіёне крок. Падобнае заканадаўства існуе ва Ўгандзе ды Бахрэйне. На пачатку бягучага году была першая справа паводле абноўленых артыкулаў. Да адміністрацыйнай адказнасьці была прыцягнута кіраўнік арганізацыі пэнсіянэраў.

Такмі чынам, беларускія ўлады зьнішчаюць, на іх думку, канкурэнтаў для ведамстваў ў атрыманьні міжнароднай дапамогі.

Юры Чавусаў: Ускладняючы ўмовы атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі недзяржаўнымі суб’ектамі, улады на добры лад вынішчаюць канкурэнтаў дзяржаўных суб’ектаў на рынку міжнароднай дапамогі. Напрыклад, такія дзяржавы, як Швайцарыя або Данія, якія маглі б накіроўваць грошы й дзяржаўным, і недзяржаўным суб’ектам, бачучы беларускае заканадаўства, у першую чаргу накіроўваюць грошы дзяржаўным суб’ектам.

Экспэрт зазначае, што ў Беларусі адбыліся два працэсы. Вялікая частка грошай ідзе на дзяржаўныя праекты, няўрадавыя суб’екты там маюць нязначны ўдзел. Другі працэс – міжнародная дапамога перанакіроўваецца на замежныя структуры, якія працуюць зь Беларусьсю. У Беларусі ж замежную дапамогу атрымоўваюць толькі тыя, каму дазваляе ўлада.

Юры Чавусаў: Безумоўна, такія выпадкі ёсьць. Нядаўна Рада міністраў зарэгістравала некалькі дзясяткаў праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Але ёсьць тут і парушэньні. У першую чаргу з боку саміх уладаў. Самы просты прыклад. Замежная спонсарская дапамога для спартовых арганізацый. Яна фактычна нелегальна паступае ў краіну са згоды дзяржавы, бо нідзе не рэгіструецца. Ёсьць арганізацыі, якім немагчыма зарэгістраваць свой праект. Беларускі Хэльсінскі камітэт шмат гадоў спрабуе зарэгістраваць любы праект. Усе гэта не дазваляецца. Зь іншага боку, арганізаыі, якія змагаюцца са СНІДам, маюць зарэгістраваныя вялікія праекты.

Ці патрэбны такія дасьледаваньні, ды наколькі яны аб'ектыўныя ў беларускіх умовах?

Юры Чавусаў: Дадзенае дасьледаваньне дастаткова аб’ектыўнае, хоць яно і не ўсеахопнае. Таму што ёсьць нюансы донарскіх стратэгіяў, якія ня ўсе публічныя, адпаведна, не даступныя дасьледчыкам. Зь іншага боку агульныя ацэнкі аб’емаў, накірункаў, грамадзкіх праблемаў, на якія міжнародная супольнасьць накіроўвае тэхнічную дапамогу. Гэта ўсё падлягае аналізу і павінна быць аналізавана.

Беларускія дасьледчыкі зрабілі першы крок па асэнсаваньню такой зьявы, які міжнародная дапамога для краіны. Высьветлілася, што галоўным карыстальнікам гэткай дапамогі зьяўляецца дзяржава. Больш за тое, улады выкарыстоўваюць усю моц свайго апарату, каб абмежаваць няўрадавым суб’ектам доступ да міжнародных фінансавых сродкаў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт