Заўтра а 11-й гадзіне ў сталічным спарткомплексе «Атлант» (вул. Сапёраў, 5) стартуе футбольны турнір «Кубак Свабоды» памяці Генадзя Карпенкі. У мерапрыемстве традыцыйна бяруць удзел прадстаўнікі палітычных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Турнір мае сваю шматгадовую гісторыю, прысвечаны чарговай гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь і зьвязаны зь імем Генадзя Карпенкі, вядомага беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча, кажа Рыгор Кастусёў з Партыі БНФ.
Р.Кастусёў: Я думаю, што нікому ня трэба казаць, хто такі быў Генадзь Карпенка. Гэты чалавек зрабіў для Беларусі вельмі шмат. У памяць аб ім турнір арканізоўваецца ня першы год. Удзельнічаюць у ім розныя арганізацыі, каманды партыйныя і грамадзкіх арганізацый, у тым ліку Партыя БНФ, якая кожны год бярэ ўдзел у турніры.
Сёлета адказны за прадстаўленьне каманды, як кажуць, гуляючы трэнэр -- сябра Сойму Партыі БНФ Андрэй Саротнік.
А.Саротнік: Гэта традыцыйны турнір, які спачатку арганізоўваўся як «Кубак Незалежнасьці», прымеркаваны да 27-га ліпеня. Доўгі час так і было. Аднак пасьля сьмерці генадзя Карпенкі, які быў адным зь ініцыятараў гэтага мерапрыемства, Кубак стаў насіць ягонае імя. Мэты ў турніру дзьве -- ушанаваць памяць Гэнадзя Карпенкі і адзначыць Дзень Незалежнасьці, дзень прыняцьця Дэклярацыі аб Сувэрэнітэце Беларусі 27-га ліпеня. Гэта важная дата ў гісторыі Беларусі. Футбольны турнір зьяўляецца такім спосабам адзначыць гэтую дату. Заявілася сем каманд, з большага, традыцыйны склад удзельнікаў – БНФ, АГП, БАЖ, БХК, «Беларускі Рух», Рух «За свабоду». Парадачная кампанія, як кажуць.
Як заўважыў прадстаўнік каманды АГП і лідэр партыі Анатоль Лябедзька, «вельмі добра, што ў Беларусі ладзяцца такія мерапрыемствы, калі палітыкі могуць ня толькі дыскутаваць за сталом у касцюмах і гальштуках, але выходзіць на спартовую пляцоўку ў нефармальных абставінах і змагацца за перамогу».
***
Генадзь Карпенка — беларускі навуковец і палітык.
Нарадзіўся ў Менску. У 1987 годзе стаў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай мэталюргіі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па тэхналёгіі матэрыялаў. Зрабіў 50 вынаходніцтваў, укаранёных у 15 краінах. У 1994 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі Навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй. Атрымаў пасьведчаньне дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, дзе кіраваў камісіяй па навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 годзе узначаліў Маладэчанскі гарвыканкам, і за два гады зладзіў ў горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны і тэатральны фэстывалі, стварыў футбольны клюб, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадзкую тапанімію. У 1996 годзе Генадзь Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, актыўна падтрымаў працэс імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі. У 1998 годзе ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Генадзь Карпенка лічыўся лідэрам беларускай апазыцыі і найбольш верагодным кандыдатам ад апазыцыі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
31 сакавіка 1999 году Генадзь Карпенка трапіў у 9-ы менскі клінічны шпіталь з дыягназам «крывацёк у мозг». Памёр Генадзь Карпенка зранку 6 красавіка.
Сьмерць палітыка была нечаканай, бо перад гэтым ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе. Генадзь Карпенка памёр за месяц да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзеньня якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыі, што працягвалі тэрмін ягоных паўнамоцтваў на два гады. Празь месяц пасьля сьмерці Карпенкі бясьследна зьнік адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў — Юры Захаранка, яшчэ праз паўгоду другі — Віктар Ганчар. Некаторыя людзі, у тым ліку сваякі Карпенкі схільныя зьвязваць гэтыя падзеі ў адзін ланцуг.
эб/wikipedia.org