Яны добра падрыхтаваныя й выдатна ўзброеныя. Бязьлітасныя для ўсіх, нават для жанчын і дзяцей. Гэта „Беркут” – адзінка, якая цяпер сярод украінцаў выклікае найбольшую нянавісьць, - паведамляе выданьне „Polska The Times”.
Яшчэ да беспарадкаў на кіеўскім Майдане назва „Беркут” была вядома толькі нешматлікім. Аднак пасьля апошніх драматычных падзеяў у Кіеве ды іншых гарадох краіны сама адзінка й ейная бязьлітаснасьць сталі вядомыя ва ўсім сьвеце.
Гэта верная гвардыя прэзыдэнта Віктара Януковіча, якая дала зразумець, што ня спыніцца, пакуль не задушыць пратэстаў, нават цаной кровапраліцьця.
Функцыянераў „Беркуту” абвінавачваюць у забойствах, захопах, катаваньні й жорсткім зьбіцьці ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў ва Ўкраіне. Сьведкі кажуць пра напады на прадстаўнікоў СМІ й мэдслужбы.
„Беркут” падпарадкоўваецца выключна кіраўніку МУС (да ўчорашняга дня быў Віталь Захарчанка – рэд.), які мае над спэцсіламі неабмежаваную ўладу.
Падразьдзяленьне ўзьнікла ў 1992 годзе, але ягоныя карані сягаюць АМОНу – асабліва жорсткіх падразьдзяленьняў савецкай міліцыі. Першапачаткова „Беркут” меў займацца выключна барацьбой з арганізаванай злачыннасьцю, якая пасьля распаду Савецкага Саюза дынамічна разьвівалася ў краіне. Аднак цягам часу адзінка стала адказваць за права й парадак падчас „масавых мерапрыемстваў”.
Кандыдаты ў „Беркут” праходзяць падрабязны й складаны адбор, а сама адзінка – жорсткую падрыхтоўку. Яна карыстаецца самым сучасным узбраеньнем. Беркутавец зарабляе ўдвая больш, чым міліцыянт, то бок каля 700 даляраў.
Адзін зь лідараў украінскай апазыцыі Віталій Клічко лічыць, што падразьдзяленьне абсалютна падарвала свой аўтарытэт у вачах грамадзтва ў выніку схільнасьці да злоўжываньня сілай супраць дэманстрантаў.
Паводле ўкраінскага праваабаронцы Алега Мартыненкі, асноўная праблема „Беркута” – адсутнасьць разуменьня, якія з атрыманых загадаў згодныя праву, а якія – не.
Падчас падрыхтоўкі беркутаўцаў не знаёмяць з грамадзянскімі правамі, што зьяўляецца мэтанакіраваным дзеяньнем уладаў. Нельга забываць таксама пра тое, што „Беркут” быў створаны й падрыхтаваны да барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, таму псыхічна яго супрацоўнікі падрыхтаваныя выключна для жорсткага змаганьня з сапраўднымі злачынцамі. Менавіта таму „Беркут” ўспрымае дэманстрантаў як рэальную пагрозу, - чытаем на старонках выданьня „Polska The Times”.
аз