Logo Polskiego Radia
Print

Польшча адзначае важны юбілей

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 05.04.2014 11:11
  • Okrągły stół.mp3
Польшча адзначае важны юбілей — 25-ю гадавіну дэмакратычных пераўтварэньняў, сымбалічным пачаткам якіx стаў „Круглы стол” 1989 года

У 2014 годзе Польшча адзначае важны юбілей — 25-ю гадавіну дэмакратычных пераўтварэньняў, сымбалічным пачаткам якіx стаў „Круглы стол” 1989 года. Гэта была адна з найважнейшых падзеяў у сучаснай гісторыі Польшчы. Яна запачаткавала перабудовы палітычнай сыстэмы ў ПНР і прывяла да падзеньня камунізму ў Эўропе.

„Круглы стол” — такую назву атрымалі перамовы паміж прадстаўнікамі камуністычных уладаў Польшчы й апазыцыяй. Яны працягваліся з 6 лютага па 5 красавіка 1989 года. Сёньня польская палітычная эліта згадвае падзеі тых часоў і кажа, што „Круглы стол” стаў своеасаблівай візытоўкай краіны. Хаця ніхто з удзельнікаў стала ў той момант не спадзяваўся, што гэтая падзея прычыніцца да зьмены ўлады ў краіне.

Голасам апазыцыі падчас перамоваў стаў Лех Валэнса.

Л. Валэнса: Пачаць трэба ад вяртаньня плюралізму ў прафсаюзах. Сюдой ад сьнежня 1981 года праxодзіць галоўная лінія канфлікту ў народзе. Мы хочам салідарнасьці, мы маем на яе права.

„Сур’ёзнасьць гэтых падзеяў мы адчувалі амаль з самага пачатку”, —так „Круглы стол” згадвае ўдзельнік перамоваў з боку тагачасных ўладаў, будучы прэзыдэнт Польшчы (1995-2005 гг.) Аляксандар Квасьнеўскі. Паводле яго, абодва бакі добра разумелі, што выпрацаваць кампраміс будзе вельмі цяжка, але зьмены ў краіне непазьбежныя.

Л. Валэнса: Польшча ў такой сытуацыі можа перастаць быць хворым чалавекам Эўропы і заняць у ёй новае месца, месца краіны, у якой адбываюцца творчыя пераўтварэньні і якая ідзе ў ногу з часам.

У ацэнцы многіх палітыкаў, посьпехам у той час быў сам факт, што такія перамовы наогул адбыліся. Ад „Круглага стала” мінула 25 гадоў і сёньня палякі падзеленыя ў ацэнцы гэтай падзеі. Толькі нязначная большасьць да яе ставіцца станоўча. З года ў год павялічваецца адсотак людзей, якім гэтая падзея абыякавая. Гэта паказваюць вынікі апытаньня, праведзенага Цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі CBOS.

У агульнай складанасьці, 42 адсоткі рэспандэнтаў станоўча ставяцца да вынікаў паразуменьняў, якія 25 гадоў таму былі падпісаныя за „Круглым столом”. Траціна (37%) рэспандэнтаў нэйтральна ставяцца да гэтай падзеі або не зацікаўленыя ў ацэнцы „Круглага стала”. Адмоўна пра пагадненьні прафсаюзу „Салідарнасьць” з камуністамі выказаліся 10 адсоткаў палякаў. Аналагічная доля рэспандэнтаў (11 адсоткаў) не захацела або не змагла акрэсьліць свайго стаўленьня.

Паводле апытаных CBOS, сэнс „Круглага стала” найбольш дакладна апісавае фармулёўка „кансэнсус эліт”. Траціна (37%) палякаў лічаць, што за „Круглым сталом” камуністы і прафсаюз „Салідарнасьць” дасягнулі здавальняльнага для ўсіх бакоў кампрамісу. Напалову меншая доля рэспандэнтаў (17%) лічыць, што гэтае пагадненьне не было б магчымым без грамадзкага ціску на ўладу. „Змоваю эліт” „Круглы стол” называе 15 адсоткаў рэспандэнтаў.

Сёньня Польшча перажывае залаты век, кажа прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. З нагоды юбілею пераўтварэньняў Нацыянальны банк Польшчы падрыхтаваў манэту наміналам у 5 злотых, якая ўвойдзе ў абарачэньне ў траўні. Браніслаў Камароўскі падкрэсліў, што гэтая манэта зьяўляецца сымбалем зьменаў, што адбыліся ў Польшчы.

Б. Камароўскі: Гэта быў доўгі шлях. 25 гадоў — гэта цэлае пакаленьне. Але мы дайшлі да моманту, калі мы можам думаць пра Польшчу, як пра краіну, якая перажывае свой залаты век. Гэты залаты век нашай Радзімы немагчыма параўноўваць зь ніводным іншым пэрыядам у нашай тысячагадовай гісторыі. Так складзены чалавек, і палякі не выключэньне, што калі мы нават жывем ў залаты час, то ён нам падаецца жоўтым.

Старшыня Нацыянальнага банку Марэк Бэлька вельмі задаволены тым, што манэта ня будзе далёкім сымбалем — яна трапіць у гаманцы звычайных палякаў.

М.Бэлька: Гэта першая манэта, якая, з аднаго боку, ушаноўвае гістарычную падзею, выдатную падзею нашай гісторыі, а з другога боку, будзе звычайным пляцёжным сродкам. Гэтыя манэты наміналам у 5 злотых трапяць у гаманцы палякаў. Я спадзяюся, што яны будуць нам служыць гэтак жа, як і папярэднія 5 злотых. Гэта найлепшы спосаб, якім Нацыянальны банк Польшчы можа ўшанаваць 25-ю гадавіну вяртаньня свабоды.

У гадавіну гістарычнага пагадненьня свае дзеяньні актывізуе вялікая кааліцыя НДА „Разам’ 89”, якая зьяўляецца адкрытай плятформай для ўсіх арганізацый, што хочуць супольна сьвяткаваць юбілей пераўтварэньняў 1989 года. Мэта ініцыятывы заключаецца ў стварэньні цэлага грамадзкага руху, згуртаванага вакол падзей, зьвязаных з адзначэньнем гадавіны паразуменьняў, якія наблізілі краіну да свабоды.

„Мы хочам, каб гэты ўнікальны юбілей стаў радасным сьвятам перамогі свабоды — асабістай і эканамічнай. Мы хочам абудзіць у палякаx, таксама маладыx, гонар за тыя зьмены, посьпех і разьвіцьцё Польшчы, прыгадаць той факт, што менавіта Польшча паказала шлях усім сваім суседзям, што гэта мы пачалі вялікі гістарычны працэс у Эўропе. Мы хочам прыгадаць — усё гэта ў нас атрымалася таму, што 25 гадоў таму мы здолелі дамовіцца і пачалі працаваць разам”, — зазначаюць ініцыятары стварэньня кааліцыі НДА „Разам’ 89”.

Няўрадавыя арганізацыі, грамадзкія ініцыятывы, мясцовыя актывісты і дзеячы — усе мы дзеці новай эпохі, якая пачалася ў Польшчы 25 гадоў таму.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт