Выставы, дыскусіі, адукацыйныя кампаніі – такія, між іншым, мерапрыемствы адбываюцца па ўсёй Польшчы з нагоды сотай гадавіны з дня нараджэньня Яна Карскага - эмісара Польскай падпольнай дзяржавы, заданьнем якога было перадаць на Захад інфармацыю аб трагічнай сытуацыі габрэяў у акупаванай Польшчы.
Легендарны эмісар Польскай падпольнай дзяржавы, жаўнер Арміі Краёвай і сьведак Халакосту нарадзіўся 24 красавіка 1914 году ў Лодзі.
Ян Карскі першы перадаў на Захад зьвесткі пра генацыд габрэяў у акупаванай нацыстамі Польшчы.
Пасьля паразы верасьнёвай кампаніі 1939 году Ян Карскі апынуўся ў Кракаве, дзе далучыўся да руху супраціву. Некалькі разоў, у якасьці эмісара польскай дзяржавы, ён перабіраўся з акупаванай гітлераўцамі краіны на Захад і паведамляў ураду на выгнаньні пра сытуацыю ў Польшчы.
Заданьнем Карскага была выключна перадача інфармацыі, але ён зрабіў значна больш, кажа дырэктар Музэя гісторыі Польшчы Робэрт Костра.
Робэрт Костра: Ён зрабіў больш, чым было даручана ў загадах. Напрыклад, ніхто не патрабаваў у яго прабрацца ў Варшаўскае гета ці пераходны лягер у Ізбіцы, а ён гэта зрабіў. Ён быў, можна сказаць, божым вар’ятам, які хацеў прадухіліць нешта непазьбежнае. Карскі зрабіў усё, каб выратаваць другога чалавека. Таму ягоная воля й адвага - незвычайныя.
У 1942 годзе Ян Карскі прабраўся ў Лёндан, дзе інфармаваў аб сытуацыі ў акупаванай Польшчы, асабліва аб зьнішчэньні габрэяў. У 1943 годзе ён пазнаёміў са сваёй справаздачай прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта.
Былая дырэктарка Габрэйскага інстытуту гісторыі Элеанора Бэргман падкрэсьлівае значэньне асобы Яна Карскага для габрэяў.
Элеанора Бэргман: У гэтым часе няшмат можна было ўжо зрабіць. Усё ж тое, што ён стараўся пераканаць брытанцаў і амэрыканцаў, што нешта зрабіць трэба – гэта вельмі важна. Кожны, хто ў гэтым часе стараўся дапамагчы габрэям, успрымаецца як герой і зьяўляецца для іх вельмі важным.
Хоць Карскаму не ўдалося пераканаць амэрыканцаў або ангельцаў, каб дапамаглі габрэям, хаця б шляхам паветраных атакаў на чыгуначных лініях, якія вялі ў гітлераўскія канцлягеры, то за сваю адданасьць справе й прыхільнасць быў ушанаваны ганаровым тытулам „Праведнік народаў сьвету”.
Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны Ян Карскі пасяліўся ў Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе на Джорджтаўнскім унівэрсытэце на працягу 40 гадоў працаваў выкладчыкам гісторыі дыпляматыі. У 1952 годзе ён атрымаў тытул доктара філязофіі. Таксама чытаў лекцыі ў Пэнтагоне для амэрыканскіх афіцэраў.
Быў аўтарам шматлікіх гістарычных прац, у тым ліку выданьня пад загалоўкам „Вялікія дзяржавы ў адносінах да Польшчы 1919-1945. Ад Вэрсалю да Ялты”.
Амбасадар Польшчы ў ЗША Рышард Шнэпф узгадвае, што Ян Карскі вельмі перажываў сваё заангажаваньне ў дапамогу габрэям.
Рышард Шнэпф: Ён успамінаў свой побыт у канцлягеры, калі сустрэў хлопчыка, які просіў у яго дапамогі, а ён – пераапрануты ў форму міміцыянэра-акупанта – ня мог зрабіць нічога, каб не дэмаскавацца. Гэтыя ўспаміны суправаджалі яго да канца жыцьця. Ян Карскі не лічыў сябе героем. Ён нават казаў, што, калі б усьведамляў сабе значэньне гэтай місіі, то цяжка было б яму выканаць заданьне.
Ян Карскі атрымаў, між іншым, самую высокую польскую ўзнагароду, то бок, ордэн Белага Арла. Быў таксама адзначаны амэрыканскім мэдалём Эйзэнхаўэра й атрымаў ганаровае грамадзянства Ізраіля. Стаў ляўрэатам узнагароды ім. Брата Альбэрта „За гераічнае служэньне Польшчы”.
Ян Карскі памёр 13 ліпеня 2000 году ў Вашынгтоне ва ўзросьце 86 гадоў. Пасьмяротна быў узнагароджаны Прэзыдэнцкім медалём Свабоды - найвышэйшай грамадзянскай адзнакай Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Пастановай польскага Сэйму ад 6 сьнежня 2013 году, 2014 год у Польшчы быў абвешчаны Годам Яна Карскага. Адным з галоўных пунктаў сьвяткаваньня гэтага году зьяўляецца адмысловая выстава, якую сёньня ў родным горадзе Яна Карскага, Лодзі, адкрыў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі.
Браніслаў Камароўскі: Ян Карскі выхоўваўся у свабоднай Польшчы. Таму ён дзейнічаў такім чынам, як яму падказвала ягонае разуменьне свабоды, то бок, адказнасьці за сябе й іншых. Ён быў адважным чалавекам і адважным эмісарам. Можна сказаць, што ў нейкай ступені ён быў эмісарам нас усіх.
Выставу „Карскі – ня даць сьвету забыць” можна глядзець у мясцовым Цэнтры дыялёгу ім. Марэка Эдэльмана. У сувязі з сёньняшняй гадавінай у Лодзі адкрыты для наведвальнікаў адрамантаваны габінэт Яна Карскага ў Музеі горада Лодзь.
У сваю чаргу, у старадаўнім трамваі, які сёньня езьдзіць па Варшаве, можна будзе згуляць у шахматы – любімую гульню Яна Карскага. Пасажыры атрымаюць выданьні пра польскага эмісара часоў Другой сусьветнай вайны.
На Цэнтральным вакзале ў польскай сталіцы можна паглядзець выставу прысьвечаную Карскаму. Ягонай асобе прысьвечаныя таксама адмысловыя дэбаты з удзелам былога амбасадара Ізраіля ў Польшчы Шэваха Вайса, якія заплянаваныя на вечар.
У сваю чаргу таксама ўвечары на сьценах будынку Польскай акадэміі навук у Варшаве можна будзе паглядзець адмысловы відэа-паказ.
аз