Logo Polskiego Radia
Print

Удзел беларусаў у расейска-украінскім канфлікце

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.07.2014 15:19
Яны змагаюцца па абодвух баках.

/

Беларусы змагаюцца ва Ўкраіне. Па абодвух баках. На Валыні ствараецца беларускі батальён “Пагоня”, які будзе змагацца па ўкраінскім баку. Але сярод украінскіх сэпаратыстаў таксама ёсьць беларусы – піша Gazeta Wyborcza.

Паводле інфармацыі Ігара Гузя, віцэ-кіраўніка Валынскай абласной рады дэпутатаў, у беларускі батальён увайшло ўжо 60 чалавек. “Гэта была прапанова саміх беларусаў, якія жадаюць змагацца з расейскай агрэсіяй. Першыя баявікі ўжо праходзяць ваенную падрыхтоўку”, - напісаў на Фэйсбуку Ігар Гузь. Гэты палітык здаўна падтрымлівае беларускія арганізацыі моладзі, мае багатыя кантакты ў Беларусі.

Бел-чырвона-белыя сьцягі былі прысутныя на Майдане зь першых дзён пратэсту, а першай сьмяротнай ахвярай быў беларус Міхаіл Жызнеўскі. Але гэта не азначае, што беларусы масава падтрымліваюць украінцаў.

“Калі мяне пыталі ва Ўкраіне пра рэакцыю беларусаў, я завяраў, што яны супраць Масквы. Але калі вярнуўся дахаты, то быў непрыемна зьдзіўлены, што бальшыня суайчыньнікаў купіла расейскую вэрсію падзей”, - адзначае Дзьмітры Галко, карэспандэнт беларускай газэты “Новы час”.

На пачатку чэрвеня журналісты расейскай “Камсамольскай праўды” паставілі ў інтэрнэт фільм з удзелам беларускі Натальлі Красоўскай з Барысава. Яна змагаецца на баку сэпаратыстаў. З яе словаў вынікае, што яна снайпэр, забівае ворагаў. І не баіцца слова “забойца”. Такая пазыцыя не падабаецца жыхарам Беларусі – гаворыць журналістка з Барысава Людміла. Украінцы ня раз паведамлялі, што затрымлівалі беларусаў, якія памагаюць сэпаратыстам.

Пасьля таго, як паявілася інфармацыя пра батальён “Пагоня”, беларускае Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што за ўдзел у ваенных частках іншай дзяржавы ды ў ваенных дзеяньнях пагражае да сямі гадоў турэмнага зьняволеньня. Таму арганізатары батальёну пакуль што абмяжоўваюць кантакты з прэсай.

У сваю чаргу Натальля Красоўская таксама сказала ў запісе, які ёсьць у сеціве, што да яе сваякоў прыходзілі з КДБ, і што за ўдзел у вайне на баку сэпаратыстаў ёй пагражае турма.

Улады баяцца, што беларусы, калі вернуцца на айчыну з Украіны, захочуць выкарыстаць баявы досьвед у Беларусі. Спэцслужбы намераны прадухіліць такі сцэнар разьвіцьця падзей, - камэнтуе палітоляг Валеры Карбалевіч.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт