Logo Polskiego Radia
Print

Ня хочаце купляць - аддадзім бясплатна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.08.2014 14:17
Палякі намераны адправіць свой гуманітарны канвой у Расею.

/

5 фураў, у іх 40 тыс. кіляграмаў польскіх яблыкаў. Гэтак будзе выглядаць канвой, які з Польшчы плянуецца выслаць у Калінінградскую вобласьць. Гэта адказ палякаў на забарону імпарту польскай садавіны і гародніны ў Расею ды гэтак званы белы расейскі канвой ва Ўкраіне.

Дрэвы ў польскіх садах ломяцца пад цяжарам пладоў. Як па іроніі лёсу, у гэтым годзе ўраджай на дрэвах ды на зямлі выключна багаты. Урадзіла практычна ўся садавіна ды гародніна. Колькі я жыву ў Польшчы, не памятаю, каб памідоры, бульба, гуркі, сьлівы ды іншыя плады садоў і агародаў былі такія танныя. Для спaжыўцоў гэта, канешне, добрая навіна, яны могуць затаварыцца за невялікія сумы, але агулам для эканомікі лішкі ўраджаю могуць стаць праблемай. Асабліва калі Расея ўвяла нядаўна гадавую забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з краін Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку з Польшчы.

І таму фэрмэры ламаюць галаву, як прадаць або іншым чынам збыць свае тавары. Частка падае дакумэнты на кампэнсацыю з ЭЗ, іншыя пакідаюць плады на дрэвах, аддаюць школам. А вось сетка супэрмаркeтаў Інтэр Маршэ прыдумала арыгінальны спосаб пазбыцца ад лішкаў яблыкаў. Яна плянуе выслаць садавіну расейскім школьнікам. Гаворыць Бартламей Тарлоўскі з Інтэр Маршэ.

Б. Тарлоўскі: Мы хочам перадаць гэта дзецям. Пачынаецца навучальны год, школьнікі вяртаюцца за парты. У Польшчы ёсьць праграма “Садавіна ў школе”, у рамках якой дзеці ядуць яблыкі, грушы. Таму мы вырашылі падараваць польскія яблыкі расейскім вучням. Мы плянуем правесьці акцыю перадачы пладоў 12 верасьня.

Інтэр Маршэ зьвярнулася ў расейскае пасольства з просьбаю выдаць дазвол на ўезд польскіх грузавікоў у Расею. Бартламей Тарлоўскі спадзяецца, што просьба будзе разгледжана пазытыўна. Але калі не ўдасца такі дазол атрымаць, ёсьць іншае выйсьце.

Б. Тарлоўскі: Тады мы перададзім яблыкі дзецям з нашых школаў або запросім дзяцей з расейскіх школаў, каб яны прыехалі ў Польшчу і атрымалі бясплатна садавіну ў нашых крамах. Так што яблыкі напэўна мы аддадзім дзецям. Гэтай акцыяй мы хочам падтрымаць нашых гандлёвых партнэраў, пастаўшчыкоў, і перадаць плады школьнікам.

Нагадаем – некалькі дзён таму ва Ўкраіну ўехаў расейскі канвой з дапамогай для жыхароў Данбасу. Амаль 300 белых фураў завезьлі гуманітарны груз у Данецк і іншыя населеныя пункты.

Парадаксальна, расейскае эмбарга на польскія плады схіляе сялянаў да дабрачыннай дзейнасьці. Як індывідуальныя фэрмэры, так і арганізацыі вытворцаў могуць перадаваць садавіну і гародніну на дабрачынныя мэты, і атрымаць за гэта кампэнсацыю. Праграма пачынаецца ў панядзелак, а яе прынцыпы простыя – адзначае міністар сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі.

М. Савіцкі: Кошты перавозкі грузаў у месца, куды яны павінны быць дастаўленыя, бярэ на сябе Агенства сельскагаспадарчага рынку, якое атрымае фінасаваньне, між іншым, з Эўрапейскага Зьвязу. А за якасьць прадуктаў адказвае вытворца-пастаўшчык. Усе прадукты, якія ахоплены мытнай забаронай на ўвоз у Расею, могуць ісьці на распаўсюд па іншых каналах.

Інфармацыя ды ўсе неабходныя дакумэнты знаходзяцца на сайце Агенства сельскагаспадарчага рынку, - інфармуе старшыня агенства Радаслаў Шаткоўскі:

Р. Шаткоўскі: Агенства сельскагаспадарчага рынку з 18 жніўня прымае ад вытворцаў садавіны і гародніны паведамленьні аб тым, што хтосьці намераны скарыстацца гэтым мэханізмам.

Дабрачынныя арганізацыі могуць прыняць і выкарыстаць сьвежыя плады. Яны вельмі патрэбныя малазабясьпечаным – кажа старшыня Банкаў харчаваньня Марэк Бароўскі:

М. Бароўскі: Пры такой сетцы арганізацый, як Банкі харчаваньня, гаворка ідзе пра пастаянную, рэгулярную дапамогу. Такую дапамогу мы аказваем ўжо шмат гадоў. Кожны год Банкі харчаваньня перадаюць малазабясьпечаным асобам каля 70 тыс. тонаў прадуктаў.

Паводле падлікаў экспэртаў, у выніку расейскай забароны на імпарт польскай садавіны і гародніны з рынку можа выпасьць каля 1 млн тонаў пладоў. Эўрапейская камісія прызначала на кампэнсацыю для сялянаў 125 млн эўра. Большая частка гэтай сумы прызначана для вытворцаў яблыкаў і груш. Але кампэнсацыю могуць атрымаць таксама фэрмэры, якія вырошчваюць памідоры, маркоўку, капусту, перац, шампіньёны, клубніцы, маліну, ды іншыя плады.

IAR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт