Частка палітыкаў ды экспэртаў кажуць пра вайну цывілізацый ды заклікаюць да больш жорсткіх крокаў. Іншыя спрабуюць супакойваць сытуацыю, нагадваючы, што рашэньне ляжыць у сфэры палітыкі, а не вайны.
Наймацнейшыя словы пасьля парыскага тэракту прагучалі з Тэль-Авіва. Ізраільскі прэм’ер Нэтаньяху заявіў, што любыя ісламскія групоўкі, ня важна, як яны называюцца - Ісламская дзяржава, Хамас альбо Аль-Каіда - кіруюцца фанатызмам ды нянавісьцю да Захаду. У зьвязку з гэтым ён заклікаў да “шырокага фронту супраць сілаў радыкальнага ісламу ва ўсім сьвеце”. Падобныя погляды выказваюцца і ў Эўропе, у Брытаніі ды Францыі. Эўропа павінна перастаць хавацца за эўфэмізмамі, заявіў, напрыклад, вядомы дэпутат кіроўнай партыі ў Францыі, экспэрт па пытаньнях бясьпекі Эрык С’ёці.
Эрык С’ёці: Сёньня зьявіліся асобы, якія абвясьцілі вайну нашай цывілізацыі, нашым каштоўнасьцям свабоды, міра, талерантнасьці. Мы бачым, што паўсюдна ў сьвеце дэмакратыя пад пагрозай, яе атакуюць за тыя каштоўнасьці, якія яна нясе. Мы сапраўды прадстаўляем цывілізацыю, якая прадставіла сьвету пасланьне свабоды, унівэрсалізму. Гэтым каштоўнасьцям аб’яўлена вайна. Яе аб’явілі джыхадысты. Тут няма чаго спрачацца вакол тэрмінаў. Трэба ясна сказаць, што нашы ворагі – гэта джыхадысты. Яны напалі на нас, на нашы каштоўнасьці. Наша задача ня толькі зразумець прычыны гэтага нападу, але прыдумаць, як абараніць сябе, як перамагчы на гэтай вайне.
Ёсьць падставы для падобных меркаваньняў. Выдатны прыклад - Францыя пасьля апошняга тэракту. Ня ўсё лічаць тэрарыстаў злодзеямі, кажа парыскі карэспандэнт Польскага радыё Марэк Бжэзіньскі.
Марэк Бжэзіньскі: Хоць тут пазьбягаюць з усіх сіл гэтага слова, але на нашых вачах разыгрываецца канфлікт цывілізацый. На парыскіх прадмесьцях, дзе жывуць прыхільнікі радыкальнага ісламу, ахвярам нападаў становяцца ня толькі паліцыянты, але і лекары, мэдсёстры, пажарныя, якія сьпяшаюцца на дапамогу. Яны прадстаўляюць рэспубліку. Усё рэспубліканскае чужое гэтым людзям. Прыклад - падчас матчу у Парыжы зборных Францыі ды Альжыра, французы альжырскага паходжаньня абсьвісталі марсэльезу. Учора Францыя хвілінай цішыні ўшанавала ахвяры нападу. Аднак у школах на прадмесьцях настаўнікі баяліся гэта зрабіць. Многія вучні адмовіліся гэта рабіць. Для іх героямі былі загінуўшыя тэрарысты.
Ня ўсе экспэрты перакананыя ў тым, што такі погляд – вайны цывілізацый – слушны. Ён вядзе да яшчэ большай радыкалізацыі, бо насамрэч апошнія канфлікты паміж цывілізацыямі менш крывавыя, чым ўнутры цывілізацый. Такое меркаваньне Польскаму радыё выказаў старшыня Фонду імя Баторага Аляксандар Смоляр.
Аляксандар Смоляр: Не, гэта небясьпечная формула. Яна была памылковай з самага пачатку. Таму што канфлікты ў рамках адной цывілізацыі насамрэч былі нашмат больш жорсткія, чым паміж цывілізацыямі. Дастаткова ўзяць цяперашні канфлікт Украіны ды Расеі. Альбо іншы канфлікт, зьвязаны з паўстаньнем Ісламскай дзяржавы ў Сырыі ды Іраку. Гэта канфлікты ў рамках той самай цывілізацыі.
З тэрорам у Эўропе трэба змагацца ня толькі паліцэйскімі мэтадамі, але ў першую чаргу палітычнымі, перакананы гісторык Яраслаў Куіз з Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Яраслаў Куіз: Простыя рэцэпты, якія прапануюць радыкалы на вырашэньне праблемы іміграцыя ды ісламістаў, узятыя са столі. Пабудова муру не дапаможа. Трэба ліквідаваць бар’еры для сацыяльнага росту. У Францыі існуе насамрэч мноства абмежаваньняў для выхадцаў з сем’яў імігрантаў, нягледзячы на прынцыпы братэрства і роўнасьці. Тысячы маладых французаў ня пачуваюцца часткай грамадзтва. Яны маргіналізаваныя.
Эўропа павінна сур’ёзна пераасэнсаваць праблему міграцыі ды адносін зь бяднейшымі й маргіналізаванымі групамі грамадзтва для вырашэньня праблемы. Зь іншага боку, патрэбна больш актыўная зьнешняя палітыка, каб палепшылася сытуацыя ў сьвеце і зьменшыліся прычыны эміграцыі.
Юры Ліхтаровіч