На лыжы ва Ўкраіну
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.02.2015 11:13
Каб падтрымаць украінскую эканоміку, трэба купляць украінскія прадукты або выяжджаць на адпачынак ва Ўкраіну.
foto: narty.wp.pl
У выніку вайны на Данбасе пакутуе ўкраінская эканоміка. Можна яе падтрымаць, або купляючы ўкраінскія прадукты, або выяжджаючы туды на адпачынак. Такое меркаваньне Якуба Логінава з Украінскага клюбу ў Кракаве прыводзіць выданьне Rzeczpospolita. Клюб наладзіў ў нядзелю пратэст супраць таго, што адбываецца ў Марыўпалі.
“Яшчэ некалькі месяцаў таму нашы ўлады рэкамэндавалі ня ехаць ва Ўкраіну. Цяпер гэта зьмянілася. Няма ніякіх абмежаваньняў наконт заходняй часткі краіны”, - гаворыць прэс-сакратар МЗС Марцін Вайцехоўскі.
Турбюро прапануюць танны адпачынак ва ўкраінскіх курортах. Там ляжыць натуральны сьнег, а цэны затрымаліся на ўзроўні, які быў пяць гадоў таму, - адзначае ўладальнік бюро Бешчадэр Марыюш Янік. І супакойвае, што ад заходняй Уркаіны да Данбасу каля тысячы кілямэтраў. Апошнімі гадамі на захадзе Ўкраіны было шмат інвэстыцый у турызм – паявіліся новыя пансіянаты, збудаваныя дарогі.
Тым ня менш, палякі як правіла не глядзяць на мапу, дзе Захад, а дзе Ўсход Украіны. Для іх ва Ўкраіне ідзе вайна, там небясьпечна. Таму некаторыя турбюро адмянілі ў гэтым годзе туры ва Ўкраіну.
Гэтае ж выданьне паведамляе, што сэпаратысты сарвалі менскую сустрэчу кантактнай групы, якую ўдалося падрыхтаваць зь вялікай цяжкасьцю. Сэпаратысты патрабавалі, каб чарговай лініяй разьмежаваньня была актуальная лінія фронту, а не запісаная ў дамоўленасьцях аб перамір’і, заключаных у верасьні. З таго часу прарасейскія аддзелы здабылі значную тэрыторыю, між іншым лётнішча ў Данецку. Прадстаўнік украінскіх уладаў, былы прэзыдэнт Леанід Кучма заявіў, што яны несур’ёзныя.
У сваю чаргу прэзыдэнт Пётр Парашэнка правёў перамовы ў Кіеве з польскім рэфарматарам Лешэкам Бальцэровічам. Парашэнка прапануе, каб Бальцэровіч зноў узяўся за рэформы, на гэты раз украінскія. Бальцэровіч адзін раз ужо быў дарадчыкам украінскіх уладаў, на пачатку 90-ых. Але тады ўкраінцы хутка адмовіліся ад яго прапановаў. Цяпер ён толькі зьвярнуў ўвагу на тое, што неабходна мець стратэгію рэфармаваньня, адпаведную каманду і хутка ўводзіць зьмены.
Rzeczpospolita/нг