Афіцыйны Кіеў заяўляе пра магчымасьць міжнароднай міратворчай місіі на Данбасе.
Пра патрэбу міжнародных міратворчых сіл ва Ўкраіне гаварылі неаднаразова, аднак да апошняга часу афіцыйны Кіеў выступаў супраць гэтай ідэі. Украінскія ўлады заяўлялі, што яны ў стане апанаваць сытуацыю пры ўмове закрыцьця мяжы з Расеяй ды спыненьня падтрымкі з Крамля для сэпаратыстаў. Падтрымка з Расеі не малее й украінцы больш не ў стане стрымліваць наступ сэпаратыстаў. Афіцыйны Кіеў зьмяніў свае стаўленьне да міратворцаў. На мінулым тыдні ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка выступіў з прапановаў да міжнароднай супольнасьці прыслаць міратворцаў на Данбас. Найлепш, каб яны былі з краін Эўрапейскага Зьвязу, падкрэсьліў украінскі кіраўнік.
Пятро Парашэнка: Расея – як дзяржава-агрэсар ня можа і ня будзе ўдзельнічаць у такой міратворчай місіі. Мы не пагодзімся на фармат, які легалізуе шматтысячны расейскі кантынгент на Ўсходзе. З нас ужо хопіць такіх міратворцаў.
Разам з Масквой аб’ектам крытыкі з боку Кіева стала АБСЭ. Місія гэтай арганізацыі сочыць за выкананьнем дамову аб перамір’я. Аднак, ва Ўкраіне лічаць, што гэтая місія не спраўляецца са сваёй задачай. У якасьці прыкладу прыводзіцца апошняя сытуацыя ў Дэбальцава.
На Захадзе пакуль не падзяляюць дадзенае стаўленьне афіцыйнага Кіева. Сваё нежаданьне да місіі ва Ўкраіне ўжо выказала Эўракамісія. Эўракамісар па пытаньня палітыкі добрасуседзтва Ёган Ган заявіў, што Брусэль такіх плянаў ня мае.
Ёган Ган: Прэзыдэнт Парашэнка прадставіў шэраг прапановаў. Нашае стаўленьне наступнае, я пра гэта казаў на сустрэчы ў Кіеве. Цяпер мы павінны засяродзіцца на рэалізацыі канкрэтных дамоўленасьцяў зь Менску. Мы не павінны спэкуляваць на тэму іншых магчымасьцяў.
У сваю чаргу ідэя “міратворчага кантынгенту” пазытыўна ўспрынятая экспэртамі. Адмыслоўцы перакананыя, што гэта быў бы шанец для Ўкраіны спыніць кровапраліцьце. Аднак мала хто вераць у практычнае выкананьне гэтага пляна. Гаворыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.
Андрэй Фёдараў: Гэта нерэальна пакуль. Для ўвядзеньня міратворчай місіі патрэбна згода абодвух бакоў на яе прысутнасьць. На сёньняшні дзень гэтага не назіраецца як з боку Масквы, так і сэпаратыстаў. Нават, калі яны дамовяцца пра такую місію зьяўляецца пытаньне, хто будзе ў ёй удзельнічаць. Сэпаратысты нікога апроч расейцаў не жадаюць там бачыць. У сваю чаргу гэта не патрэбна Ўкраіне. Таму нічога не атрымаецца з дадзенай ідэі. Хаця гэта адно з найлепшых магчымых там рашэньняў.
Чаму ўкраінскі бок цяпер загаварыў пра міратворцаў. Калісьці такую прапанову агучыў Аляксандр Лукашэнка. Афіцыйны Кіеў тады яе адрынуў?
Андрэй Фёдараў: Цяпер зьмянілася сытуацыя на Паўднёвым Усходзе Ўкраіны. Украінцы зазналі даволі моцную паразу і бачаць, што сваімі сіламі яны нічога ня могуць зрабіць. Гэта вымушае іх шукаць іншыя магчымасьці.
Міратворцаў ня будзе, украінцы прайграюць. Як тады завершыцца гэтая вайна?
Андрэй Фёдараў: Тут усё будзе залежыць ад пазыцыі Захаду. Калі надалей Эўропа будзе імкнуцца залагодзіць Крэмль, тады Масква не спыніцца. Калі Захад пойдзе на больш істотныя меры, тады магчымы пералом.
Украіне нічога не застаецца як прызнаць захопленыя раёны акупаванай тэрыторыяй. Умацоўваць новую лінію абароны, зазначыў экспэрт.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч