Польшча прапануе выключыць выдаткі на войска зь бюджэтнага дэфіцыту
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
04.05.2015 12:10
Гаворка ідзе пра тое, каб высокія выдаткі на ўзбраеньне не выклікалі празьмернай задоўжанасьці.
foto:scwl.mil.pl
Варшава прапануе краінам Эўрапейскага Зьвязу свой праект, зьвязаны з агрэсіўнай палітыкай Расеі ва Ўкраіне – чытаем у выданьні Rzeczpospolita. Прэзыдэнт і ўрад Польшчы пераконваюць Брусэль, каб выдаткі на войска выключыць зь бюджэтных лімітаў, якія забараняюць дэфіцыт у памеры больш чым 3% ВУП.
Гаворка ідзе пра тое, каб высокія выдаткі на ўзбраеньне не выклікалі празьмернай задоўжанасьці, якая зьвязана з вонкавай працэдурай кантролі фінансаў дадзенай краіны. Ідэю прадставіла прэзыдэнту Камароўскаму прэм’ер-міністар Эва Копач. Яе падтрымлівае таксама кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск. Саюзьнікаў Польшча можа знайсьці ў Францыі, якая надоечы аб’явіла пра рост выдаткаў на армію. Супраць выступае Нямеччына, якая вельмі прывязана да кантраляваньня бюджэтных дэфіцытаў. Бэрлін баіцца, што гэта будзе магчымасьць утрымаць празьмерны дэфіцыт для такіх маладысцыплінаваных краін, як Грэцыя. Магчымы кампраміс: калі краіна перавысіць дапушчальны дэфіцыт, але толькі на суму інвэстыцыі, то Брусэль адмовіцца ад узбуджэньня працэдуры празьмернага дэфіцыту.
Камэнтатар выданьня піша: эўрапейскія ўрады часта кажуць, што яны ня могуць павысіць выдаткі на абароннасьць, паколькі Эўракамісія стаіць за сьпіной і крычыць пра перавышэньне парогу 3-працэнтнага дэфіцыту. Але ёсьць іншы мэтад павялічыць інвэстыцыі на войска – калі зьменшыць іншыя бюджэтныя выдаткі, напрыклад, прывілеі некаторых працоўных групаў або дапамогу неэфэктыўным галінам эканомікі. Але гэта немагчыма ў годзе, калі адбываюцца і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары. Польскія палітыкі перад выбарамі не жадаюць выклікаць гневу прафсаюзаў ці паасобных працоўных групаў.
Rzeczpospolita/нг