Logo Polskiego Radia
Print

Дзе праца для выпускнікоў?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.05.2015 14:10
Выбіраючы ВНУ пад увагу трэба браць, перш за ўсё, патрабаваньні рынку.

Каб дапамагчы маладым людзям у выбары жыцьцёвага шляху, тыднёвік „Wprost” запытаўся ў рэкрутэраў і дасьледчыкаў рынку працы, на якія факультэты павінны паступіць сёлетнія выпускнікі сярэдніх школ, каб у будучыні без праблемы знайсьці працу.

Перш за ўсё, адмыслоўцы раяць выбіраць тэхнічныя факультэты. Аднак тут таксама спачатку варта прааналізаваць канкрэтны рынак.

Прэс-сакратар Галоўнай гандлёвай школы (SGH) Марцін Познань, запэўнівае, што рашэньне аб адкрыцьці новых факультэтаў яго ВНУ прымае на падставе кансультацыяў з працадаўцамі. Апошнім часам у вучэльні адкрыўся факультэт – грамадзкія аналізы й дасьледаваньні.

У сваю чаргу Юстына Сьціглер з агенцтва „Manpower” раіць пацікавіцца факультэтамі, зьвязанымі зь інтэрнэт-камунікацыяй і сучаснымі прамысловымі тэхналёгіямі.

Паводле дарадцаў, надзейнымі факультэтамі зьяўляюцца тыя, якія адказваюць на дэмаграфічныя зьмены ў краіне.

Шанцам для маладых людзей ёсьць таксама цэнтры аўтсорсінгу. У будучыні, дзякуючы ім, працу павінны знайсьці выпускнікі фінансаў, аналітыкі, статыстыкі й мовазнаўства.

Экспэрты згодныя - варта пазьбягаць факультэтаў, якія прапануюць агульныя веды, а не канкрэтнае ўменьне. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра псыхалёгію, пэдагогіку, філязофію, міжнародныя адносіны, кіраваньне ці ахову навакольнага асяродзьдзя.

Аднак падчас выбару ВНУ варта ўзяць пад увагу ня толькі патрабаваньні рынку, але таксама ўласныя зацікаўленьні й здольнасьці, дадае тыднёвік „Wprost”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт