Logo Polskiego Radia
Print

А. Зарэмбюк: Лукашэнка сам папросіць, каб беларусы з Захаду вярнуліся

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.09.2015 18:45
  • А. Зарэмбюк Лукашэнка сам папросіць, каб беларусы з Захаду вярнуліся.mp3
Кіраўнік «Беларускага дому» распавядае, як беларусы замежжа могуць зьмяніць краіну і я вярнуць іх на Радзіму.

Беларусы, якія атрымалі адукацыю і прызнаньне на Захадзе, здольныя стаць маторам рэформаў у Беларусі – перакананы кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. У інтэрвію Польскаму радыё грамадзкі дзеяч расказвае, што могуць зрабіць беларусы замежжа на карысьць сваёй Радзімы, і што Радзіма павінна зрабіць, каб яе пасьпяховыя дзеці аднойчы вярнуліся дадому. З Алесем Зарэмбюком размаўляе Аляксандар Папко.

Падчас зьняволеньня ўлады неаднаразова намякалі Мікалаю Статкевічу, каб ён пакінуў Беларусь. Стратэгія ўладаў заключаецца ў тым, каб выштурхнуць усіх незадаволеных з краіны. Атрымліваецца, што выяжджаючы, мы падтрымліваем аўтарытарную сыстэму... Ці можна нешта рабіць для Беларусі з-за мяжы і што канкрэтна робіце вы?

А. Зарэмбюк: Мы знаходзімся ў Польшчы, якая мяжуе зь Беларусьсю. Нашыя праекты скіраваныя на паляпшэньне беларуска-польскіх стасункаў, на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, на пашырэньня кантактаў паміж звычайнымі беларусамі й палякамі. У гэтым годзе мы актыўна прапагандуем малы памежны рух. Дамова аб бязьвізавым руху для жыхароў памежных тэрыторыяў была падпісаная ўжо некалькі гадоў таму. Аднак беларускі ўлады ня ўводзяць яе ў дзеяньне.

Калі б дамова ўвайшла ў жыцьцё, яна дапамагла б 1 мільёну 800 тысячам беларусаў і палякаў езьдзіць аднаму да аднаго, гандляваць. Мы прыяжджаем на памежныя пункты, расказваем беларусам, што такая дамова ёсьць і заклікаем іх зьвяртацца да мясцовых уладаў і міністэрства замежных справаў з запытамі, калі дамова ўвойдзе ў жыцьцё, бо яна патрэбная нам усім.

Ці ёсьць нейкія праекты акрамя малога памежнага руху? Як вы падтрымліваеце грамадзянскую супольнасьць, знаходзячыся па іншы бок мяжы?

А. Зарэмбюк: У 2013-2014 гадах ы зарэгістравалі ў Польшчы шэраг беларускіх НДА, Недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі не рэгіструюць, а за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Таму мы рэгіструем арганізацыі ў Польшчы, і тым самым даем магчымасьць беларускім грамадзкім дзеячам працаваць легальна. Арганізацыі зарэгістраваныя ў Польшчы, але фізычна яны знаходзяцца ў Беларусі і працуюць на карысьць Беларусі.

Як, на вашую думку, беларусы, каторыя жывуць за мяжой, могуць дапамагчы Беларусі?

А. Зарэмбюк: Як у Заходнюю Эўропу, так і ў Маскву выехала вялікая колькасьць беларусаў. У большасьці сваёй гэта высокакваліфікаваныя спэцыялісты. Гэтых людзей трэба выкарыстоўваць. Трэба, каб Беларусь запрасіла гэтых людзей працаваць дома. Ня проста прадэкляравала, а запрапанавала нешта канкрэтнае. Асабліва гэта датычыць перадусім маладых людзей, якія скончылі ўнівэрсытэты на Захадзе, атрымалі доктарскія ступені, якія працуюць у міжнародных кампаніях і нават дзяржаўнай адміністрацыі заходніх краінаў. Гэтых людзей трэба вяртаць. Яскравым прыкладам такіх дзеяньняў зьяўляецца Грузія. Людзі, якія атрымалі замежныя дыплёмы, атрымалі добры досьвед заходніх практык у розных сфэрах, вярнуліся й правялі рэформы, вынік якіх бачны зараз.

Вы кажаце пра гіпатэтычныя перамены. Мы, насамрэч, ня ведаем, калі яны настануць. А што могуць зрабіць для Беларусі сёньня тыя праграмісты, эканамісты, дактары навук, чыноўнікі зь беларускімі пашпартамі, якія працуюць за мяжой? Хто павінен іх мабілізаваць?

А. Зарэмбюк: Гэта павінна зрабіць беларуская дзяржава, бо гэта ў яе інтарэсах. Я ўпэўнены, што нават сёньняшняя лукашэнкаўская Беларусь будзе вымушаная зьвярнуцца да прадстаўнікоў эміграцыі. Беларусь вельмі патрабуе рэформаў. Гэтых рэформаў ня змогуць правесьці нават маладыя беларускія чыноўнікі, якія не ведаюць заходніх практыкаў. Рэформы могуць рэалізаваць людзі, якія маюць іншую мэнтальнасьць, іншы досьвед кіраваньня, іншы навуковы досьвед. Гэта людзі, якія пажылі на Захадзе, у рынкавай эканоміцы, дзе перамагае найлепшы і найбольш здольны.

Запрашэньне беларусаў з замежжа можа быць пытаньнем нават вельмі блізкага часу. Адзін з чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта каля года таму заявіў, што дзяржава была б зацікаўленая ў тым, каб беларуская эміграцыя вярталася дадому. Аднак гэта была ўсяго толькі дэклярацыя, за якой не пасьледавала ніякіх практычных крокаў. Людзям, якія выехалі за мяжу, трэба прапанаваць нешта канкрэтнае і цікавае, каб яны пакінулі месца, дзе яны ўладкоўвалі сваё жыцьцё на працягу 10-15 гадоў.

Некаторыя рэчы лепш бачныя з адлегласьці. Вы жывяце ў Эўразьвязе больш за 5 гадоў. Вы бачыце працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Куды ідзе краіна? Чаго нам чакаць праз год-два?

А. Зарэмбюк: Беларусь кіруецца ў бок эканамічных праблемаў. Без рэформаў Беларусь улезе ў яшчэ большыя даўгі. Улады ня ў стане спыніць росту зьнешняй запазычанасьці. Цяпер беларускія ўлады просяць у МВФ крэдыт, бо эканоміцы не хапае 3,5 мільярдаў даляраў. Сьвятло ў канцы тунэлю зьявіцца толькі тады, калі беларускі ўрад лібэралізуе палітычнае, грамадзкае ды эканамічнае жыцьцё, калі ўрад пачне праводзіць рэформы. Для іх правядзеньня патрэбныя людзі, якія ня думаюць савецкімі штампамі, якія не засталіся ў старой рэальнасьці, а разумеюць, што інвэстыцыі, тэхналёгіі, інавацыі мы можам атрымаць толькі ад нашых заходніх суседзяў.

Польшча, напрыклад, мае ўжо 25-гадовы досьвед трансфармацыі. Польскі й беларускі народы вельмі блізкія. Польшча - гэта краіна, у якой можна вучыцца рэформам, у тым ліку адміністрацыйна тэрытарыяльнай і эканамічнай. Мы бачым, як моцна Польшча зьмянілася за гэтыя 25 гадоў – гэта кідаецца ў вочы адразу пры перасячэньні мяжы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт