Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія абвесьцьла Лідзія Ярмошына, а таксама дзеяньні апазыцыі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, у студыі Польскага радыё камэнтуе экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саньньнікаў.
Сп. Андрэй, як Вы ацэньваеце лічбы, якія абвесьціў Цэнтрвыбаркам?
А. Саньнікаў: Я напісаў у Твітары на гэты конт словы Марка Твэна, перафразоўваючы, што ёсьць тры віды хлусьні: хлусьня, вялікая хлусьня й выбары ў Беларусі. Улада ўзяла на ўзбареньне гебельсаўскія мэтады. Апазыцыя зрабіла слушна, што ігнаравала гэтыя выбары, і цяпер трэба рухацца далей. На прэс-канфэрэнцыі ўчора ўсё было слушна сказана. А тое, што ўчора адбылася акцыя на плошчы, што выйшла мужная моладзь і прайшла ад плошчы да плошчы, гэта тыя кропкі, абапіраючыся на якія, у будучыні можна стварыць стратэгію.
А што скажаце пра ўдзел часткі апазыцыі ў выбарах? У іх былі свае мэты й задачы й яны зьбіраюцца рыхтавацца да наступнай кампаніі.
А. Саньнікаў: Гэта апазыцыя ў двухкосьсі. Бо апазыцыя не прымала ўдзел у выбарах. Апазыцыя байкатавала й ігнаравала. Гэта была тая плятформа, на якой апазацыя аб’ядналася.
А ці не стала гэта акурат падзелам?
А. Саньнікаў: Сапраўдная апазыцыя выказалася супраць гэтых выбараў. Учора адбылася прэс-канфэрэнцыя на якой тры лідары сказалі вельмі рашуча, што мы не прызнаем выбараў. Гэта й ёсьць аб’яднаньне.
Тацьцяна Караткевіч тлумачыла свой удзел данясеньнем людзям сваёй праграмы, каб паказаць што ёсьць альтэрнатыва. А што зараз можа зрабіць тая апазыцыя, якая была за байкот? Ці гэта стратэгія перамогі?
А. Саньнікаў: Гэта ўвогуле не стратэгія. Гэта тактыка. Відавочна, што настроі народу й апазыцыі супалі. Ніхто не верыць, што была такая яўка, якую нам спрабуюць прадаць. Пустыя вуліцы, пустыя ўчасткі. Апазыцыя зрабіла слушна й цяпер трэба рухацца далей.
Але ў тым жа Твітары людзі наракалаі, што на Плошчы не было апазыцыйных лідараў? Ці слушнай была адмова ад Плошчы?
А. Саньнікаў: Я не хацеў бы гэта абмяркоўваць. У апазыцыі сёньня больш і больш людзей. Яны могуць наракаць адзін на аднаго, але яны ўсе ў апазыцыі сёньняшняму рэжыму. Час пакажа, ці слушна яны зрабілі, але было відавочна, што ўчора лідараў там не хапала. На плошчу ўчора выйшлі людзі, якія не раз сядзелі ў турме, але яны ізноў гатовыя выходзіць рызыкаваць. Гэта дзьве вельмі важныя падзеі.
А што б вы асабіста дадалі да гэтай новай тактыкі тандэма Някляеў-Статкевіч-Лябедзька?
А. Саньнікаў: Трэба ўмацоўваць прынцыпы й маральнасьць. Тое, што апазыцыя ня ўдзельнічала ў гэтых выбарах, гэта й ёсьць ўмацаваньне маральнасьці. Людзі будуць адгукацца на гэта. Шмат хто запляміў сябе супрацоўніцтвам з уладай. Не магу не сказаць, што заплямілі сябе й некаторыя незалежныя СМІ. Але гэта й ёсьць аснова. Бо апазыцыя зможа перамагчы толькі тады, калі будзе адстойваць каштоўнасьці й прынцыпы. Нават не зважаючы на абставіны, якія будуць існаваць з боку Эўропы й Расеі.
Адна з такіх абаставінаў – гэта сёньняшняе спатканьне ў Люксэмбургу. Санкцыі з Лукашэнкі будуць зьнятыя на некаторы час. Міністр замежных справаў Польшчы Гжэгаж Схэтына заявіў, што Варшава таксама падтрымае гэтае прыпыненьне, бо ізаляваны Лукашэнка – азначае Лукашэнка з Масквой.
А. Саньнікаў: Прыпыненьне санкцый на 4 месяцы гэта далёка не тое, чаго чакаў Лукашэнка й ягонае атачэньне. Але гэта будзе вельмі небясьпечны крок для самаго ЭЗ. Лукашэнка ўчора нахабна паказаў, што нічога мяняцца ня будзе й здыміце вы санкцыі, тым самым забясьпечыўшы беспакаранасьць маю й маіх катаў. Пры ўладзе ў Беларусі сёньня – сэрыйныя злачынцы. Трэба дзейнічаць на падмурку каштоўнасьцяў. Бо калі Эўропа з аднаго боку будзе вітаць дэмакратыю ва Ўкраіне, а з другога – вітаць дыктатуру ў Беларусі, то гэта разарве ЭЗ.
Гэта палітычныя наіўнасьць ці разьлік?
А. Саньнікаў: Ёсьць і разьлік. У Лукашэнкі ў Эўропе ёсьць шмат карысных ідыётаў, як і ў Пуціна. Бізнэс у гэтым зацікаўлены. Мы ведаем, з чым зьвязаная адліга паміж Варшавай і Менскам перад 2010 годам. Бо тут былі інтарэсы. У мільянера-нябожчыка Кульчыка яны былі. Бізнэс лабіруе ў тым ліку й палітычныя пытаньні. Тое самае адбываецца з Расеяй. У Эўропе ёсьць партыі, якія падтрымліваюць крамлёўскую палітыку. Тое самае адбываецца й зь Беларусьсю.
Неўзабаве пачнецца новая электаральная кампанія. Трэба ў ёй удзельнічаць ці ігнраваць яе?
А. Саньнікаў: А гэта й будзе паказьнікам таго, на што здольная апазыцыя. Учора было агучана, што ніякага ўдзела, пакуль не зьменіцца сытуацыя й заканадаўства, апазыцыя не плянуе. Гэта галоўнае. Давайце ўзгадаем 2011-12 гады, калі апазыцыя казала, што ніякіх выбараў, пакуль ёсьць палітвязьні, а потым пайшла на парлямэнцкія выбары. Нельга ўдзельнічаць. Тады зьявіцца стратэгія байкота рэжыма, а не яго асобных дзеяньняў.
Гутарыў Дзьмітры Гурневіч