Logo Polskiego Radia
Print

Саудаўская Арабія: тэакратыя, шарыят, жанчыны ў бурках

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.10.2015 19:39
Найбольш папулярныя віды сьмяротнага пакараньня – гэта абезгалоўліваньне й пабіеньне камянямі.
www.flickr.com

Ва ўчарашнім эфіры мы паведамлялі, што прэмія Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі” прысуджана блёгеру з Саўдаўскай Арабіі Раіфу Бадаві, які знаходзіцца ў турме па абвінавачаньні ў абразе ісламу. Тыднёвік “Newsweek Polska” прысьвяціў артыкул Раіфу Бадаві й сытуацыі ў Саудаўскай Арабіі, дзе парушаюцца элемэнтарныя правы чалавека.

У мінулым годзе Раіф Бадаві трапіў пад суд за прапагандаваньне каштоўнасьцей, якія нібыта пярэчаць ісламу. Суд вынес прыгавор: 10 гадоў турмы, 1 тыс. удараў бізуном ды штраф у памеры 260 тыс. даляраў.

Саудаўская Арабія – гэта адна з шасьці ў сьвеце абсалютных манархій і адна з двух (разам з Ватыканам) тэакратычных манархій. Жыцьцё ў краіне рэгулюецца шарыятам, тут адсутнічае свабода слова, дэмакратыя ды асноўныя правы чалавека. Акрамя таго, правы жанчын практычна не існуюць, ім, напрыклад, забаронена вадзіць аўтамабіль, а без дазволу мужчыны яны ня могуць выходзіць з дому, вучыцца ў ВНУ й г.д.

Дарэчы, улады Саудаўскай Арабіі зазначаюць што ў краіне няма палітычных вязьняў. Аднак арганізацыі, якія займаюцца правамі чалавека, кажуць, што ў каралеўстве тысячы вязьняў сумленьня. Больш за тое, у краіне публічна адбываюцца цялесныя пакараньні, а публічна прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя пакараньні. Найбольш папулярныя – гэта абезгалоўліваньне й пабіеньне камянямі. З пачатку года да канца верасьня ў Арабіі сьмерцю былі пакараныя 132 чалавекі.

Часопіс зазначае, што ўлады ў Эр-Рыядзе за гэта не крытыкуюцца альбо крытыкуюцца ўмерана, бо Саудаўская Арабія – гэта найбуйнейшы ў сьвеце вытворца нафты ды найбліжэйшых саюзьнік ЗША на Блізскім Усходзе.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт