У перадсьвяточны час купляйце асьцярожна
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.12.2015 09:49
У навагодні ажыятаж здараюцца несумленныя гандляры.
Неўзабаве калядныя сьвяты. У крамах гучаць сьвяточныя песьні, у рэклямах армія Санта Клаўсаў. Крамы стараюцца як найбольш прадаць у гэты пэрыяд. І здараюцца ня вельмі сумленныя гандляры – перасьцерагае Polityka.
У гэтым сэзоне кар’еру робяць трусы. Фокус даволі просты. Фірмы, якія цяжка знайсьці, бо яны часта мяняюць адрас, прапануюць у тэлефоннай размове купіць камплект дарагой дамскай бялізны, якую нам прышлюць бясплатна, трэба толькі заплаціць за пасылку. Але адной пасылкай не заканчваецца. Фірма рэгулярна прысылае бялізну, якая аказваецца звычайнымі трусамі з базару, але трэба за іх плаціць як за фэшэнэбэльны тавар. І гэты працэс даволі цяжка спыніць.
Іншы спосаб вымантачыць грошы ад наіўных спажыўцоў – продаж на розных паказах, напрыклад, каструль або пасьцелі. Калі пакупнік вырашыць вярнуць тавар, прыйшоўшы да высновы, што трата некалькіх тысяч злотых на каструлі была бессэнсоўнай, аказваецца, што распакаваную рэч ужо нельга аддаць. Гандлёвае права дазваляе прадаўцам адмовіцца прыняць назад распакаваны тавар. Тут дапамагчы спажыўцам можа толькі суд. Дарэчы, крамы таксама не заўсёды прымаюць назад небракаваныя рэчы. Права ад іх гэтага не патрабуе. Таму заўсёды варта запытаць, ці існуе магчымасьць вярнуць купленую рэч, калі мы перадумаем і захочам ад яе пазбыцца.
Polityka/нг